Сяброўства толькі мацнее

Мостик дружбы

танана

Ад роднай вёскі Данілы Астапчука Чыжы да райцэнтра Паставы Віцебскай вобласці, дзе жывуць яго дзядуля Валодзя і бабуля Люба, прыблізна 350 кіламетраў. Пры наяўнасці аўтамабіля ў бацькоў гэта не так і далёка. Але бывае Даніла ў Паставах, на жаль, толькі раз на год – падчас летніх канікулаў. Бо жыве хлопчык разам з бацькамі, дзядулем Васілём і бабуляй Нінай у суседняй Польшчы. Таму перад паездкай загадзя неабходна афармляць пашпарты, візы і іншыя дакументы, выбіраць не карацейшую дарогу, а пагранічны пункт на мяжы Польшчы і Беларусі. Вось і атрымліваецца, што часцей не паедзеш, а пра прыемныя падарожжы ў Беларусь даводзіцца ўспамінаць цэлы год. Мінулым летам унук угаварыў польскага дзядулю ўпершыню за яго 80-гадовае жыццё пакінуць вёску і наведаць Пастаўшчыну. Пра падарожжа Даніла з запалам потым расказваў шмат разоў і дома, і ў школе. А дапамагала яму ў гэтым публікацыя ў “Зорьке” з мноствам фотаздымкаў. Некалькі нумароў газеты тады пераслаў у Польшчу стрыечны брат, лепшы беларускі сябар Віталь Танана. З ім, аднагодкам і аднадумцам, яны амаль тыдзень калясілі па сталіцы Беларусі, захапляліся яе прыгажосцю, хараством, размахам новабудоўляў, імклівасцю праспектаў і метро. Спадабаліся атракцыёны ў парках, шматлікія музеі.

Некаторыя маршруты падарожжаў па Мінску выбіраліся на падставе гутарак сяброў. Так, Даніла расказаў, што каля іх вёскі можна часта ўбачыць зуброў. Віталь прызнаўся, што назіраў за гэтымі волатамі ў Белавежскай пушчы. Успомнілі хлопцы, якіх звяроў і птушак можна сустрэць у беларускіх і польскіх лясах, і вырашылі праверыць свае веды ў… заапарку, дзе магчыма пазнаёміцца з фаўнай амаль усяго свету. Параўнаўшы свае ўражанні ад сустрэч з ляснымі асілкамі з насельнікамі вальеры мінскага заапарка, хлопцы прыйшлі да высновы, што зубры і ў Беларусі, і ў Польшчы аднолькава магутныя і гэтымі волатамі заўсёды будуць цікавіцца людзі. Ну а як пасля знаёмства з прывычнымі і незвычайнымі зямнымі і паветранымі істотамі не паглядзець на жыхароў марскіх прастораў?! Тым больш што ў Мінску зараз дзейнічаюць аж два дэльфінарыі. А дзе яшчэ ўбачыш такія цуды тананадрэсіроўкі, воднай акрабатыкі, яднання і ўзаемаразумення чалавека і марской істоты?!

Віталь падзяліўся новымі звесткамі пра Беларускую чыгунку, 150-гадовы юбілей якой адзначылі ў жніўні. І хлопцы дружна рушылі ў Палац культуры і спорту чыгуначнікаў у цікавы, змястоўны музей. Адтуль само сабой вызначыўся шлях на Дзіцячую чыгунку імя К. С. Заслонава. Віталь больш ведаў пра легендарнага падпольшчыка і партызанскага камандзіра, шмат чытаў пра подзвігі народных мсціўцаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Таму яго аповед пра камбрыга дзядзю Косцю Даніла слухаў з цікавасцю. Сябры з задавальненнем здзейснілі падарожжа, пазнаёміліся з сур’ёзнымі і адказнымі супрацоўнікамі дарогі – іх равеснікамі. Але хлопцам падалося, што быць толькі пасажырамі нецікава. Захацелася нечага большага! Да таго ж, Даніла падзяліўся радасцю: за выдатную вучобу бацькі купілі яму такі жаданы скутар. У Польшчы падлеткі ўжо з трынаццаці гадоў маюць права самастойна ездзіць на гэтым транспарце, не перавышаючы хуткасці руху ў 50 км, вядома, пасля заканчэння спецыяльных курсаў і здачы адпаведных экзаменаў. Перад прыездам у Беларусь Даніла ўжо не аднойчы садзіўся на свайго жалезнага каня і імкнуўся паказаць майстар-клас на картынгавай трасе. Як высветлілася, Віталь у гонках не паддаваўся, а нават абходзіў канкурэнта на віражах. Відаць, таму што для яго гэта была “дамашняя” траса, на якой ён раней спаборнічаў з сябрамі.

У гутарках і падарожжах нашых герояў па Мінску вельмі часта “завочна ўдзельнічалі” Адам Анджэю, Лукаш Андрэюк, Юстына Баўтручук, Матэуш Гаўрылюк, Крыстыян Герасімюк, Дзям’ян Ігнацюк, Адам Ахрыцюк з польскага боку і пастаўчане Павел Ждановіч, Ганна Міхневіч, Яўген Пушкін, Раман Цыўнель, Андрэй Шалугін. Ва ўсялякім разе польскія школьнікі вельмі чакаюць перадсвяточны нумар “Зорьки” са сваімі фотаздымкамі. Напярэдадні Каляд бабуля і дзядуля з Паставаў папрасілі рэдакцыю зрабіць унуку і яго сябрам такі прыемны падарунак.

Усевалад ТАНАНА. г. Мінск.

Фота аўтара і з асабістага архіва Д. АСТАПЧУКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *