З Янкам Маўрам у сэрцы

Пригласительный билет

мавр

Можна смела сцвярджаць, што не знойдзецца ў Беларусі чалавека, які не ведаў бы імя Янкі Маўра. Яшчэ задоўга да Вялікай Айчыннай вайны палюбілі юныя чытачы пісьменніка з такім загадкавым і прывабным імем. Некалі аматары яго кніг былі ўпэўненыя, што аўтар або чужаземец, або заўзяты падарожнік, які аб’ехаў увесь свет… Дзеянні большасці яго твораў разгортваюцца ў далёкіх краінах: Інданезіі, Кітаі, на Новай Гвінеі і Цэйлоне… Настолькі дакладна, з такім веданнем справы апісваў ён прыроду, жывёльны і раслінны свет, знешні выгляд, звычкі, лад жыцця мясцовых жыхароў. Між іншым Іван Міхайлавіч Фёдараў жыў у Беларусі і зусім не бываў у мясцінах, пра якія так цікава расказваў. А быў ён настаўнікам гісторыі і геаграфіі…

Запрашаем вас зазірнуць у дом Янкі Маўра, дзе наладжана выстава з нагоды яго 130-годдзя. У бібліятэцы захоўваецца адно з першых выданняў аповесці «У краіне райскай птушкі». Жоўтыя ломкія лісты, стары правапіс, паметкі, зробленыя рукой аўтара… Пабывалі тут людзі, якія добра ведалі пісьменніка, і пакінулі ўспаміны аб сустрэчах з ім, свае аўтографы. Пятро Рунец, Маргарыта Яфімава, Станіслаў Шушкевіч, Аляксандр Міронаў, Мікола Гамолка…

У гэтым доме жыве больш за восем тысяч чалавек. Немалая сямейка. А яна ўсё расце. І ніхто не будзе лішні, кожнага сустрэнуць ветліва, з радасцю. І кожнаму адкрыюць цудоўны свет кніг.

Гэты дом іншы раз называюць домам дзеда Маўра, што пісаў для школьнікаў прыгодніцкія і фантастычныя гісторыі, любіў дзяцей дапытлівых, цікаўных, вынаходлівых. Яны траплялі ў яго апавяданні і станавіліся героямі. Тым, каму пашчасціла сустракацца з дзедам Маўрам, запомнілася яго дзівосная энергія і непасрэднасць. Тым, хто нарадзіўся пазней, засталіся яго кніжкі і гэты ўтульны і гасцінны дом, дзе сабраны лепшыя творы. Домам дзеда Маўра завуць дзіцячы філіял імя Я. Маўра Мінскай абласной бібліятэкі.

Якое тут вялікае мора кніг! У пакоях абанементаў, чытальных залаў і на паліцах налічваецца звыш 100 тысяч экземпляраў. Але сапраўдны чытач не разгубіцца, бо ведае: побач вопытныя супрацоўнікі бібліятэкі. Агляды навінак, выставы, літаратурныя гасціныя, вечарыны і прэм’еры, гучныя чыткі, абмеркаванні асобных твораў, сустрэчы з пісьменнікамі, конкурсы юных мастакоў «Па старонках любімых кніг», акцыі «Чытаем па-беларуску», «Сонца на старонках» – усё гэта вучыць арыентавацца у кніжнай прасторы. Вучні са 147 мінскіх школ сябруюць з домам дзеда Маўра. Кожны з іх тут жаданы госць!

16 мая ў 12 гадзін раніцы у бібліятэцы (г. Мінск, вул. Гікала, 4) адбудзецца вечар-успамін «Чараўнік з краіны маленства» (з удзелам сваякоў пісьменніка, беларускіх аўтараў – лаўрэатаў прэміі імя Я. Маўра).

Ірына Станіславаўна РУДЗЯНОК, загадчыца аддзела абслугоўвання вучняў 6–9-х класаў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *