Вучні 1-га “А” класа сталічнай школы № 189 дзякуючы настаўніцы Ірыне Аляксандраўне Буторынай у поўным складзе падпісаліся на “Зорьку”. І ўжо пабывалі на юбілейным свяце, паўдзельнічалі ў конкурсе малюнкаў пра “Міс Му”. А на днях чаявалі ў рэдакцыйнай “Літаратурнай гасцінай” разам з юнкорамі-адзінаццацікласнікамі Кірылам Пучыкам і Валерыяй Гаўрушавай і журналістамі радыёстанцыі “Культура”. Пасяджэнне аматараў дзіцячай кнігі праводзіў вядомы беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч, мудры настаўнік юных паэтаў Уладзімір Іванавіч Мацвеенка.
У папярэдніх выпусках “Літаратурнай гасцінай” Уладзімір Іванавіч распавядаў чытачам пра тое, што такое загадкі, шарады. А сёння пажартуем!
Смяшынкі
Гэта невялікія, пераважна празаічныя творы гумарыстычна-сатырычнага характару, якія пішуцца для дзяцей і самімі дзецьмі.
Смяшынкі ўхваляюць працавітасць, знаходлівасць, кемлівасць, высмейваюць ляноту, няўмельства, свавольства, хлусню, сквапнасць і іншыя заганы.
Бадай, няма такога чалавека, хто б не любіў смяяцца. Нездарма ў народзе кажуць, што дасціпны жарт патрэбен, як ежа, сон. Ён спрыяе добраму настрою, самаадчуванню і нават здароўю.
Вось некалькі вершаваных смяшынак.
***
Настаўнік запытаў:
– Скажы, Пятрок,
Адкуль Бярэзіна
Бярэ выток?
Пятрок, падумаўшы,
сказаў:
– Я знаю:
Яна цячэ
З бярозавага гаю.
***
Прыбег Андрэйка
Да аптэкі:
– Ад непрытомнасці
ёсць лекі?
Я іх хачу
Бабулі даць,
А потым –
Дзённік паказаць.
***
– Учора мне, –
Хваліўся Ціт, –
На чарвяка
Злавіўся кіт.
– Дык я ўжо
Ведаю,–
Сказаў
Іван. –
Мне расказаў
Аб гэтым
Мой Палкан.
***
– У школе сёння
Невялікі сход,–
Гаворыць бацьку
Раніцай Фядот.
– Што там за сход?
Не разумею я.
– Будзе настаўнік,
Ты, тата, і я.
***
– Сёння былі
У вашай школе
спевы? –
Запытала мама
У маленькай Евы.
– Былі. Я так
спявала,
Так лялякала,
Што настаўніца
У захапленні
Заплакала.
Складальнік
Уладзімір МАЦВЕЕНКА.
Па прапанове Уладзіміра Іванавіча Мацвеенка аб’яўляецца конкурс на лепшы верш, прысвечаны матулі або бабулі. Паспрабуйце праз паэтычныя радкі перадаць сваю любоў да самага роднага чалавека. Лепшыя творы надрукуем у сакавіку. Тром пераможцам У. І. Мацвеенка асабіста ўручыць цудоўныя кнігі-навінкі выдавецтва “Мастацкая літаратура”.









