Што такое шчасце?

Из нашей почты Клуб "Край мой, Белая Русь"

Я разумею, што сапраўднае шчасце – засынаць уначы пад ціхае ціканне ходзікаў, а не пад страшныя выбухі бомбаў і снарадаў. Прачынацца ўранку ў мяккім цёплым ложку пад шчабятанне птушак за акенцам, а не ў цёмным сырым падвале пад выццё сірэны, як дзеці ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

беларусь

Як хораша ісці раніцай у школу побач з мамай і татам, размаўляць аб ўсім на свеце, не аглядваючыся навокал і не баючыся нічога. На ўроках авалодваць новымі ведамі, а ў вольны час гуляць з сябрамі ў футбол, займацца ў спартыўнай зале або ў камп’ютарным класе. Шчасце – бегчы дадому пасля ўрокаў і ведаць, што там цябе чакае цёплы смачны абед за сталом, накрытым чыстым абрусам.

Шчасце – ў верасні назбіраць поўны кошык баравікоў, зімой зляпіць снежную бабу і з радасным крыкам зляцець на санках з горкі, вясной падарыць маме на свята букецік пралесак, а летнім ранкам адправіцца з бацькам на рыбалку. Здорава падарожнічаць па роднай краіне, захапляцца прыгажосцю прыроды, велічнымі замкамі і ганарыцца слаўнай гісторыяй свайго народа!

Можна бясконца пералічваць шчаслівыя імгненні, якія напаўняюць маё мірнае жыццё. Аднак самае важнае – гэта тое, што кожны дзень магу бачыць шчаслівыя вочы бацькоў, брата і сястры, ведаць, што ім нішто не пагражае.

Я вельмі ўдзячны Богу, што ён беражэ любую Беларусь ад вайны. І я спадзяюся: мая краіна будзе заўсёды вядома ўсяму свету як самая мірная і гасцінная.

Цімафей МОРГУН.

Гродзенскі раён, Парэцкая школа, 6-ы клас “Б”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *