Юбілейную дату, 125 га- доў з дня нараджэння Максіма Багдановіча, мы адзначылі ў школе. На працягу тыдня адбыліся разнастайныя мерапрыемствы. Вучні старэйшых класаў падрыхтавалі літаратурна-музычную кампазіцыю “Незабыўны Максім Багдановіч”. М. Багдановіч – тонкі лірык. Яго паэзія багатая шчырымі і хвалюючымі пачуццямі. Пра што б ні пісаў ён: пра лёс Радзімы і народа, пра родную прыроду, пра каханне, – творы гучаць хвалююча, надзвычай прыгожа. Пад час мерапрыемства прыгадвалі вершы паэта, урывак з апавядання “Апокрыф”, песні “Слуцкія ткачыхі” і “Зорка Венера”. Мы мелі магчымасць завітаць у гасцёўню “Па старонках сямейнага альбома Багдановічаў” і даведацца пра бацькоў паэта Марыю Апанасаўну Мякоту і Адама Ягоравіча. Цікава было пачуць пра Вольгу Епіфанаўну Сёмаву, хросную маці, якая выпісвала Максіму “Нашу долю”, а затым “Нашу ніву”. Яна і параіла яму паслаць што-небудзь са сваіх твораў у “Нашу ніву”. Ці разумела тады Вольга Епіфанаўна, якую вялікую справу рабіла яна, падтрымліваючы Максіма ў яго слаўных намерах?
Шмат было жадаючых паўдзельнічаць у віктарыне “Перамагае той, хто ведае” і атрымаць десяць балаў. Для самых маленькіх арганізавалі конкурс малюнкаў да твораў М. Багдановіча з цыкла “У зачараваным царстве”.
Наталля ШЧЭРБА, вучаніца 9-га класа.
Чэрвеньскі раён, Турэцкі дзіцячы сад–базавая школа.