Чытаць. Уяўляць. Зачароўвацца

Новости

2…Адным снежным зімнім днём ва ўтульнай мінскай кавярні размаўлялі-спрачаліся дзеці. Зусім маленькія катэгарычна не пагаджаліся з больш дарослымі. А таты з мамамі толькі і маглі разабраць у гэтым тлуме некаторыя эмацыянальныя выказванні:

– Пісьменнік – гэта такі дзядзька ў капелюшы з гусіным пяром! – сцвярджаў хлопчык гадоў сямі.

– Не! Паслухайце лепш мяне! Я ўяўляю, што ён павінен быць падобным на майго ката Маркіза! – пяцігадовая дзяўчынка аж ледзь не плакала, што ёй ніхто не верыў.

– Пісьменнікі – гэта звычайныя людзі, толькі яны маюць літаратурны талент! – не вытрымаў юнкор «Зорькі» дзесяцігадовы Аляксей. – Я сам пішу апавяданні, хіба я падобны на коціка?!

Гаворку ўважліва слухалі і лагодна ўсміхаліся вядучыя, сярод якіх быў вядомы тэатральны акцёр і рэжысёр Павел Харланчук.

– Вы ўсе маеце рацыю! – звярнуўся Павел да хлопчыкаў і дзяўчынак, – З аднаго боку, творцы сапраўды такія ж людзі, як і вы, а з іншага, ў мяне ёсць знаёмая пісьменніца, якая носіць майкі з коцікамі, а таксама завушніцы з іх выявамі, так што яна і сапраўды чымсьці падобная на мурлыку.

1

Цікавая размова-разважанне адбывалася ў межах праекта «Movabox», распачатага па ініцыятыве кампаніі velcom з мэтай нагадаць чытачам усіх узростаў аб каштоўнасці, цікавасці нацыянальнай беларускай літаратуры, а таксама пазнаёміць дарослых і маленькіх з новымі творамі айчынных літаратараў. Цікавую гульню прыдумалі арганізатары: спецыяльныя скрыначкі, у якіх знаходзяцца артэфакты, звязаныя з сюжэтам кніг, дастаюцца ў падарунак таму чытачу, хто правільна адкажа на пэўныя пытанні.

Маленькія ўдзельнікі мерапрыемства, якія вывучаць родную мову пачалі не так даўно і маюць невялікі слоўнікавы запас, вельмі смешна реагавалі на незнаёмыя выразы, напрыклад, яны вырашылі, што слова «буккросінг» абазначае нешта страшнае, бо паходзіць ад выклічніка «Бу!», якім пужаюць казачныя героі ў мульціках. На самай жа справе буккросінг дазваляе бясплатна браць кнігі на спецыяльных палічках у бібліятэках і кавярнях, чытаць іх і вяртаць на месца, а таксама прыносіць з дому свае любімыя фаліянты, каб пазнаёміць з імі іншых людзей.

Пад час абмеркавання дзіцячых кніг рабяты пераўтвараліся ў пісьменнікаў і прыдумвалі свае сюжэты, напрыклад, разважалі, аб чым могуць распавядаць гісторыі пад назвамі «Парасон і слоўнік» ці «Хворы гузік». Прапаноўвалі занесці ў слоўнік новае слова «параслонік» і раілі хутчэй лячыць прастужаны гузік.

А потым разам з аніматарамі, лега-сябрамі Вікай і Кацей, узводзілі з дэталяў канструктара «вежу сяброўства», праводзілі аналогіі паміж літаратурным працэсам і будаўніцтвам. Напрыклад, каб напісаць апавяданне, трэба сачыніць гісторыю, абраць патрэбныя словы, скласці іх ў сказы. А каб вырас дом з лега, неабходна яго ўявіць, адшукаць дэталі, злучыць іх як трэба. У выніку вежа выйшла просто супер!

3

У сустрэчы прымалі ўдзел добрыя знаёмыя «Зорькі» – дочкі Паўла Харланчука Івона, Адэля і Аліва. Пра юнага кампазітара, дзевяцігадовую Адэлю, мы падрабязна пісалі год таму. Дзяўчынка паведаміла, што з таго часу яна паспела напісаць некалькі новых музычных твораў для фартэпіяна, у тым ліку «Спеў» на свае вершы пра розныя поры года, а яшчэ захапілася сучаснымі танцамі, хіп-хопам. Разважаючы сёння пра будучыню, дзяўчынка ўжо не марыць аб музычнай кар′еры, а задумваецца аб іншых творчых прафесіях: фатограф, дызайнер адзення альбо нават актрыса. Што і ярка дэманструе: вельмі артыстычна распавядае гісторыю, як у матуліным дзяцінстве тата-марак прывёз з-за мора малпачку. Жыццё сям′і стала значна весялей з такім непрадказальным сябрам!

У вольны час Адэля з задавальненнем чытае кнігі, з самага-самага прывабнага называе гісторыі пра ката Фіндуса Свена Нурдквіста ў перакладзе на беларускую мову. Увогуле, у вялікай сям′і Харланчукоў чытанне заўсёды дапамагае дарослым і дзецям стаць яшчэ бліжэй адзін да аднаго, забыцца на праблемы і справы. Скажам, ёсць любімая літаратурная гульня. Бярэцца аркуш паперы, першы ўдзельнік піша адказ на пытанне вядучага (напрыклад, «Хто?»), пасля загінае паперку, каб ніхто не ўбачыў напісанага, і перадае іншаму чалавеку, які раскрывае таямніцу «Што робіць гэты герой?». Калі кожны ў тайне ад іншых сачыніць свой фрагмент гісторыі, можна раскрываць світак і рыхтавацца смяяцца да ўпаду, бо аказваецца, што ўсе пісалі пра рознае.

Вольга НАВАЖЫЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *