Звычкі і сакрэты песняра

Клуб "Край мой, Белая Русь"

Якуб Колас с семьей“У хвалях няспыннага руху ідзе-плыве час. Нячутна для нашага слуху, нябачна для нас”… Сто трыццаць пяць гадоў аддзяляе нас ад моманту, калі ў засценку Акінчыцы, што на Стаўбцоўшчыне, у сялянскай сям’і Міхаіла Казіміравіча і Ганны Юр’еўны Міцкевічаў нарадзіўся хлопчык Костусь. Зразумела, тады ніхто не мог падумаць, што малы, накіроўваючыся “наперад, к тым далечам сінім”, пройдзе па жыцці шмат дарог – незаўсёды роўных, гасцінных – і вырасце знакамітым пісьменнікам, паэтам, навукоўцам, грамадскім дзеячам.

Падчас юбілейнага года на Беларусі праходзіць мнства адметных мерапрыемстваў, якія бліжэй знаёмяць дзяцей і дарослых з Якубам Коласам – песняром, клапатлівым бацькам і дзядуляй, надзейным сябрам, дбайным гаспадаром.

музей Якуба Колоса

Сучасным дзяўчынкам і хлопчыкам пашанцавала: яны могуць насамрэч стаць гасцямі ўтульнай сядзібы паэта, перанесціся ў 50-я гады мінулага стагоддзя, адчуць, у якой атмасферы жыў і тварыў геній. Пераступіўшы парог Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, юнкоры “Зорьки” апынуліся ў кранальна-сардэчнай, сямейнай атмасферы пісьменніцкага дома.

У гасцінай стаіць раяль 1900-га года, набыты Коласам для ўнукаў. Сам жа пясняр любіў скрыпку. Адна вісела над яго ложкам, другая захоўвалася ў футляры, і калі раптам псаваўся настрой, лепшымі лекамі былі вясёлыя мелодыі.

У 50-я гады не ў кожнага атрымлівалася набыць тэлевізар. У музейнай зале захавалася амаль першая “чароўная скрыня”, якая трансліравала ўсяго адзін канал. Дзядзька Якуб не прызнаваўся аматарам тэлебачання, больш шанаваў радыё. Вялізныя, нібы тумбачка, прыёмнікі стаялі ў кожным пакоі сядзібы.

в музее

Упершыню трапляючы ў музей, літаральна не можаш вока адвесці ад унікальнай люстры-равесніцы Якуба Коласа. Прыгажуня з бронзы і хрышталю пабачыла шмат на доўгім вяку. Раней у яе завітушкі мацавалі свечкі, пасля з’яўлення электрычнасці іх змянілі на лямпачкі.

Экскурсавод запрашае наведаць сталовую, і ўсе ідуць ціха-ціха, бо, здаецца, вось-вось пачуецца з-за павароту дружны смех, размовы родных паэта. Якуб Колас усталяваў цудоўную традыцыю: кожны дзень ён збіраў за ўтульным сталом сыноў, нявестак і ўнукаў. Дарослыя абменьваліся навінамі і ўражаннямі, абмяркоўвалі важныя пытанні. Для маленькіх заўсёды прыпасалі прысмакі: цукеркі і печыва. Колас вельмі любіў дзяцей, ладзіў сутрэчы з імі, у дзіцячых дамах дапамагаў грашыма тым, хто страціў на вайне бацькоў. Удзячныя малыя пісалі дзядзьку Якубу лісты, сачынялі вершы, рабілі сваімі рукамі падарункі. У фондах захаваліся драўляны бюсцік, які выразаў чатырнаццацігадовы хлопчык, і вышыты дзяўчаткамі да 70-годдзя паэта рушнічок.

экспонат

У рабочым кабінеце песняра час нібыта спыніўся. Складваецца ўражанне, быццам пісьменнік на хвілінку выйшаў у іншы пакой і хутка вернецца, сядзе за пісьмовы стол, возьме чарнільную ручку (ён прывык карыстацца пяром) і напіша чарговы шэдэўр. Але… Гадзіннік спыніўся, а настольны каляндар назаўсёды застанецца разгорнутым на даце 13 жніўня 1956 года. Менавіта ў гэты дзень раптам спынілася сэрца паэта.

Якуб Колас шанаваў прыроду, чутка прыслухоўваўся да яе дыхання, разгадваў таямніцы, захапляўся цудоўнымі з’явамі. Да канца жыцця народны паэт даглядаў малады сад, які сам пасадзіў, клапаціўся аб ураджаі. Лічыўся заядлым рыбаком і грыбніком. Вяртаўся з “ціхага палявання” з поўным кошыкам, бо ведаў цудадзейны сакрэт. Натрапіўшы на чарвівы грыб, дзяліў яго на часткі і клаў у мох, каб жыццё працягвалася. У наступны год на тым месцы знаходзіў мноства “шапачак на ножках”. Умеў і любіў Якуб Колас марынаваць грыбы і гародніну, мачыць яблыкі, квасіць капусту. Наведвальнікі музея па ступенях спускаюцца глыбока пад зямлю і апынаюцца ў старым склепе. На палічках стаяць слоікі з сапраўднымі сялянскімі прысмакамі, зімовымі нарыхтоўкамі, марынадамі, варэннем, наліўкамі. Тут і лядоўня (першы халадзільнік без электрычнасці), дзе калісьці захоўвалі прадукты.

копия машины

Немагчыма стрымаць хлопчыкаў, калі яны трапляюць у гараж Коласа: ходзяць вакол мадэляў машын, разважаюць, якая найбольш салідная: ГАЗ-М-20 “Победа” альбо “Chevrolet” 1939 года выпуску, “Оpel Оlympia” альбо ГАЗ-12 “ЗИМ”. А чорная бліскучая “Эмка” ГАЗ-М-1 прадстаўлена ў сапраўдную велічыню.

…Здаецца, што маленькі хлопчык Костусь вітае школьнікаў праз 135-гадовае кола гісторыі. “Ідзе жыццё, буяюць яго сілы”, і зорка Коласа яскрава асвятляе наш жыццёвы шлях.

Вольга НАВАЖЫЛАВА.

г. Мінск, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *