Мясцінамі Коласа ў Мінску

Новости

Якуб КоласШмат дзе на Беларусі і за яе межамі давялося жыць Канстанціну Міхайлавічу Міцкевічу. Гэта і родныя мясціны на Стаўбцоўшчыне, і слын­ны Нясвіж, дзе вучыўся ў настаўніцкай семінарыі, і вёскі на Магілёўшчыне, Міншчыне, у Палескім краі, дзе ўзмацоўвалася кар’ера маладога педагога, і чароўная Вільня, якая на некаторы час прытуліла беспрацоўнага настаўніка.

Тры гады з няпоўных сямідзесяці чатырох свайго жыцця правёў Якуб Колас у старажытным Пінску.

Потым былі гарады і вёскі суседняй Расіі, якія ў цяжкія часы грамадзянскай вайны прытульвалі сям’ю Коласа.

Але нідзе Канстанцін Міхайлавіч не жыў так доўга, як у беларускай сталіцы. Мінск з’яўляўся яго домам амаль 36 гадоў.

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, што знаходзіцца на вуліцы Акадэмічнай, 5, прапаноўвае глыбей пазнаць жыццё беларускага песняра праз падарожжа па мясцінах, якія звязаны з яго імем у Мінску.

Падчас пешаходнай экскурсіі “Мясцінамі Коласа ў Мінску” можна наведаць сядзібу музея – там знаходзіцца мемарыяльны дом песняра; дворык Акадэміі навук, на карысць якой Якуб Колас працаваў больш за трыццаць гадоў, вывучаў вусную народную творчасць, беларускi фальклор, займаў пасаду віцэ-прэзідэнта АН БССР; прагуляцца да плошчы Якуба Коласа і ўбачыць помнік паэту і героям яго твораў работы Заіра Азгура. Затым у парку імя Максіма Горкага даведацца пра месцазнаходжанне даваеннага дома сям’і Міцкевічаў, пра дом Коласа на Старажоўцы, што сям’я паэта арэндавала пэўны час у заможнага гаспадара Вільгельма Русецкага. Праз Свіслач ляжаў шлях да дома Янкі Купалы, з якім Коласа звязвалі гады даўняга сяброўства. Далей прайсці да Мінскага астрога, дзе паэт правёў тры гады ў зняволенні, даведацца пра Коласа-педагога каля Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Экскурсантам-юнкорам “Зорьки” вельмі спадабалася пешаходная экскурсія. Зробленыя фотаздымкі папоўнілі фотаархіў удзельнікаў інфармацыйна-даследчага праекта “Дарогамі Якуба Коласа, Янкі Купалы і Францыска Скарыны”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *