У дзень памяці народнага паэта

Новости

Куб КоласЯк вядома, Якуб Колас не толькі бліскучы майстар мастацкага слова, але і глыбокі інтэлектуал, яркі мысліцель, адзін з заснавальнікаў новай беларускай прозы, аўтар неўміручых паэтычных шэдэўраў “Новая зямля” і “Сымон-музыка”, палескіх аповесцяў, алегарычных “Казак жыцця”, апавяданняў і вершаў, якія сталі класікай. Дзейнасць знакамітага пісьменніка, яго роля і значэнне ў духоўным адраджэнні беларусаў высока ацэнены нашчадкамі. Імя Коласа носяць Інстытут мовы і літаратуры і Цэнтральная навуковая бібліятэка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр у Віцебску, плошчы і вуліцы, школы і бібліятэкі ў многіх населеных пунктах Беларусі, буйное вытворчае паліграфічнае прадпрыемства ў Мінску. У сталіцы і на радзіме Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча, на Стаўбцоўшчыне, вітаюць наведвальнікаў музеі пісьменніка.

14 жніўня, у дзень памяці паэта, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае на аўтобусна-пешаходную экскурсію “Мінскія адрасы Якуба Коласа”. Яна дапаможа пазнаць жыццё нашага славутага земляка праз падарожжа па мясцінах, звязаных з яго імем. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (Якуб Колас працаваў больш за трыццаць гадоў, займаў пасаду віцэ-прэзідэнта), Мінскі астрог (на працягу трох гадоў паэт адбываў пакаранне за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе), БДУ (дацэнт Канстанцін Міцкевіч выкладаў з 1923 па 1926 гады), плошча Якуба Коласа (размешчаны помнік народнаму паэту і героям яго твораў работы Заіра Азгура), дом на Старожаўцы (сям’я паэта арандавала яго з 1921 па 1927 гады ў заможнага гаспадара Вільгельма Русецкага, там знакаміты пісьменнік скончыў лепшыя паэмы “Новая зямля” і “Сымон-музыка”, напісаў аповесці “У Палескай глушы”, “У глыбі Палесся”, “На прасторах жыцця”, п’есы, вершы, казкі для дзяцей), Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага (пазнаёміць з даваенным жыццём сям’і Коласа). Апошні пункт наведвання – Вайсковыя могілкі, дзе адбудзецца памінальны мітынг і ўскладанне кветак да магілы Песняра. Удзел у ім прымуць члены сям’і Якуба Коласа, літаратары, грамадскія дзеячы, мастакі, навукоўцы, прыхільнікі творчай спадчыны народнага паэта Беларусі.

Больш падрабязнасцей знойдiце на афіцыйным сай- це: www.yakubkolas.by (для даведак: (017) 284-15-84, (017) 284-17-02).

Нагадаем адрас музея: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *