Прыгажосцю краявідаў натхнёныя

Клуб "Край мой, Белая Русь"

Талька закаты“Я мімаволі ўспамінаю і ў той куток імкнуся зноў, дзе жыў я ціха, як у раю, з сваёй сям’ёю між дубоў”, – пранікнёна пісаў Якуб Колас у паэме “Рыбакова хата” пра Пухавіччыну. Чым жа настолькі моцна прываблівалі песняра тыя запаветныя куточкі? Чаму ў трыццатыя гады і пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны для летняга адпачынку і натхнення ён выбіраў менавіта вёскі Пухавіцкага раёна? Каб прайсці пуцявінамі народнага паэта, адчуць, што захапляла яго душу той чароўнай парой, юныя карэспандэнты “Зорьки” адправіліся ў краязнаўчае падарожжа па другой малой радзіме песняра.

…Сыходзім з электрычкі на станцыі “Талька”. Якраз сюды летам 1933 года прыязджала на адпачынак сям’я Міцкевічаў, каб “аздаравiць” сямігадовага Міхася, “паветрам гаючым і сонцам бліскучым Міхасевы сілы ўзмацніць”. На будынку вакзала мы, на жаль, не знайшлі мемарыяльнай дошкі, якая з 1997 года нагадвала турыстам аб тым, што ў гэтых мясцінах гасцяваў Колас. Але супрацоўніца чыгуначнай станцыі Ірына Анатольеўна Лук’янава дазволіла дасканальна агледзець падрыхтаваны для рэстаўрацыі экспанат. Хутка адноўлены памятны знак зноў будзе расказваць гасцям аб тым, што “На Пухавіччыне (у вёсках Талька, Загібелька, Падбярэжжа, Вусце, Беразянка, Балачанка) у 1933–1940 і 1946–1956 гадах адпачываў ды працаваў народны паэт Беларусі Якуб Колас (К. М. Міцкевіч)”. На веласіпедах па вясковай дарозе накіроўваемся да рэчкі Таль – нешырокая, звілістая, яна няспешна нясе свае воды ў Свіслач уздоўж незвычайна маляўнічых лугоў і лясоў. “Талька – слаўная рачушка, грунт яе пясчаны, бераг мяккі, як падушка, дзірваном засланы”, – знаходзім апісанне ў паэме “Міхасёвы прыгоды”. Гартаем старонкі кнігі і чытаем там пра “яму” – глыбокае месца на рэчцы, дзе вадзілася шмат рыбы. Колас з ахвотаю вудзіў. Старажылы прыгадвалі, што ляшчоў цягаў больш за кілаграм, шчупакі ды самы крупныя пападаліся. Сын Міхась таксама каля бацькі масціўся, вучыўся “рыбацкай навуцы”.

Шильда

Колас быў вялікім аматарам ха- дзіць па лесе, збіраць грыбы. “Лес і пералескі разам з хвайнякамі страх як багаты – чым? – баравікамі!”, – радкі ў “Міхасёвых прыгодах”. З карэньчыкамі грыбы не вырываў, “а ножыкам — чык! Каб вырас другі баравік”, чарвівыя не браў, а хаваў у мох, каб на наступны год вырасла новае пакаленне “грыбной знаці”. Зусім маленькія не чапаў, каб падраслі “небаракі”. Калі прыходзiў дадому, старанна сартаваў “шапачкавыя”. Іх варылі, смажылі, сушылі. Сямейства Міцкевічаў нарыхтоўвала на зіму да пуду белых грыбоў і пасля ўсіх частавала смачнымі стравамі.

“Здабычу ціхага палявання” Канстанцін Міхайлавіч звычайна пералічваў і вельмі цешыўся, калі набіраў больш за іншых грыбнікоў. Бывала, калі вельмі пашчасціць, з аднаго ўзгорачка мог пакласці ў кошык каля сотні прыгажуноў на ножках! Міцкевічы збіралі разам і суніцы, чарніцы, маліну.

Канстанцін Міхайлавіч сябраваў з вяскоўцамі, часам дапамагаў ім у нялёгкай працы, нават купіў машыну-палутарку для калгаснікаў. Вельмі любіў дзяцей і выбачаў ім няўмысныя праказы. Напрыклад, калі гарэзы, жартуючы, спляталі з травы “арку” і не пускалі дзядзьку Якуба ісці па справах, ён кожнаму даваў па ласунку. А неяк адна дзяўчынка пасвіла цялят на беразе ракі, дзе Колас якраз лавіў рыбу. Канстанцін Міхайлавіч запытаўся, чаму малая ўпраўляецца без бацькоў, на што пачуў у адказ, што яна сірата. Дзядзька ўзяў яе на рукі, пагладзіў па галаве і пагушкаў. І калі даведаўся, што дзяўчо ніколі не спрабавала такіх прысмакаў, як цукеркі, назаўтра прынёс з дому цэлы кілаграм.

У госці да Міцкевічаў запрашалі вайскоўцаў, артыстаў і пісьменнікаў, аднойчы завітаў Янка Купала. На Пухавіччыне Коласам напісана шмат вершаў аб прыродзе, п’есы “Вайна вайне”, “У пушчах Палесся”, апавяданне “Між дзвюх рэчак”, пачалася праца над паэмай “Рыбакова хата”. Перакладаў на беларускую вершы ўкраінскага паэта Тараса Шаўчэнкі.

Окно

Даспадобы песняру быў і хутар Вусце – унікальная мясціна-паўвостраў, дзе рачулка Балачанка ўпадала ў Свіслач. Там настолькі лёгка дыхалася, што нават у спякоту людзі адчувалі сябе добра. З фатаграфічнай дакладнасцю паэт апісаў незвычайную прыгажосць наваколля ў вершы “Мой дом” – пра рачулку, якая “срэбрам літым бяжыць па жолабе размытым і цэлы свет жыцця нясе”, пра апавіты вянкамі кветак луг, які разлёгся ў “роскашы-красе зялёным аксамітам”.

Невялічкая вёска Загібелька ўжо не існуе на карце Беларусі, але яна застаецца ў людской памяці дзякуючы пранікнёным коласаўскім вершам. Адзін з іх мае слынную гісторыю. Адразу пасля Міжнароднага кангрэсу пісьменнікаў у абарону міру ў Парыжы Якуб Колас сустрэўся з Кандратам Крапівой і ў размове шчыра прызнаўся, што вельмі сумуе па Вусці і Загібельцы. А Кандрат Крапіва ўзяў ды і саставіў эпіграму: “Быў я ў Парыжы на кангрэсе – то ў Загібельцы, браце, лепш: грыбоў няма ў Булонскім лесе, а ў Сене – хоць бы адзін лешч”. Узрушаны Колас “адказаў” калезе вершам: “Калі агледзіш хвайнякі і гэты кут пазнаеш бліжэй, збіраючы баравікі, – то вывад я раблю такі: мне Загібелька лепш Парыжа”.

Паэту спадабалася і ў вёсцы Беразянка. Настолькі, што ён вырашыў пабудаваць там лецішча, нават набыў драўніну. Але збыцца тым планам перашкодзіла вайна…

предметы быта

…Пасля вандроўкі па маляўнічых пухавіцкіх мясцінах мы з юнкорамі накіраваліся ў горад Мар’іна Горка, дзе Якуб Колас папраўляў здароўе ў Доме адпачынку пісьменнікаў. У Мар’інагорскай мастацкай галерэі адна з найцікавейшых экспазіцый мае назву “Якуб Колас. Людзі і прырода краю”. У цэнтры – вяліз­ны партрэт паэта на фоне залаціста-рыжых палёў і хатак вёскі Балачанка. З цікавасцю разглядаем архіўныя фотаздымкі. Напісаныя ад рукі творы, якія паэт прысвяціў Пухавіччыне, пераносяць у іншае вымярэнне – і ты быццам бы ўжо не ў XXI стагоддзі, а семдзесят гадоў таму блукаеш у Вусцянскім лесе і, здаецца, вось-вось сам паэт выйдзе з кошыкам з-за высачэзнай сасны, якую называў “хвояй-казкай”… Захоўваюцца ў музеі і радыёпрыёмнік, і паліто з кашуляй Коласа. І шахматы, у якія ён часта іграў. Прадметы побыту з вёсак, дзе летаваў пісьменнік, зусім не падобныя да тых, чым мы карыстаемся зараз. Разглядаючы іх, няцяжка ўявіць, у якіх умовах жылі беларусы ў пачатку XX стагоддзя і ў якім “сусвеце” нараджаліся паэтычныя творы. Драўляныя начоўкі для мыцця бялізны, ручны млын з камянёў, качалка для прасавання адзення, партатыўны патэфон з рупарам, ліхтар, гадзіннік з зязюляй, кош з лазы, агромністы куфар, што служыў замест шафы…

Сёння дзякуючы Інтэрнэту школьнікі могуць, не ўстаючы з канапы, дома агледзець красоты на любым куточку планеты. Але ні з чым не параўнаецца рэальная, а не віртуальная вандроўка “ў свет вялікі, жывы і дзіўны таксама”, дзе “ў вопратках расліны адмысловай” глядзяць узгоркі, рэчкі і груды, чароўныя лясы, “бародкі-хвайнякі і жоўць пяскоў на сонечным угрэве”.

Вольга НАВАЖЫЛАВА.

г. Мар’іна Горка, Пухавіцкі раён.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *