Пачуць музыкаў, якія граюць на дудах, патанчыць пад старадаўнія напевы, рушыць услед за Уладзімірам Караткевічам і Дзмітрыем Смольскім у XVII стагоддзе – усё гэта можна зрабіць 6 лістапада ў Вялікім тэатры Беларусі.
Вечарам (а шостай гадзіне) адкрыюцца парадныя дзверы тэатра – і гледачоў сустрэне фолк-гурт HardWood. Неверагодная музыка перанясе як мінімум на чатыры стагоддзі таму і натхніць патанчыць.
У фае (каля Камернай залы) размесціцца выстава аднаго вечара. Музей старажытнай беларускай культуры пры Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь прадставіць слуцкі пояс XVIII стагоддзя, які ўпершыню пакіне музейныя прасторы. Чаму з часткі мужчынскага касцюма пояс ператварыўся ў сапраўдны твор мастацтва, распавядзе дырэктар Музея старажытнай беларускай культуры Барыс Лазука. Пытанні да яго можно будзе задаць перад спектаклем, у антракце і пасля заканчэння оперы
На галоўнай сцэне тэатра ажыве шэдэўр нацыянальнага мастацтва –опера “Сівая легенда” кампазітара Дзмітрыя Смольскага і аўтара лібрэта Уладзіміра Караткевіча. Яна пра каханне, вышэй якога няма нічога на свеце! Рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Міхаіл Панджавідзе. Увасабляць герояў будуць народныя артысты Беларусі Ніна Шарубіна (Ірына) і Сяргей Франкоўскі (Раман), заслужаныя артысты Аксана Волкава (Любка), Уладзімір Громаў (Кізгайла), Алег Мельнікаў (Найміт). За дырыжорскім пультам – маэстра Вячаслаў Чарнуха-Воліч.
Раім школьнікам сярэдніх-старэйшых класаў правесці незабыўны тэатралізаваны вечар.
Алена БАЛАБАНОВІЧ,
вядучы рэдактар аддзела інфармацыі
Вялікага театра Беларусі.
Фота Юлii ВАСIЛЮК.