З 18.02 па 22.02.2019 года ў школе № 2 г. Чэрыкава прайшоў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры. Мэтай мерапрыемства з’яўлялася развіццё ў вучняў цікавасці да ўрокаў беларускай мовы і літаратуры, пазнавальнай і творчай актыўнасці, выяўленне здольных і высокаматываваных навучэнцаў. Кожны дзень арганізатары напоўнілі цікавымі мерапрыемствамі і падзеямі, якія былі змястоўнымі, карыснымі.
Так, у панядзелак, настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры была аформлена тэматычная выстава дзіцячых работ «Мой родны кут». У аўторак у актавай зале прайшоў інтэлектуальны турнір, на якім навучэнцы 5 – 6 класаў паказалі веданне беларускай мовы: складалі словы, выпраўлялі памылкі, падбіралі фразеалагізмы, працягвалі прыказкі. У сераду сярод навучэнцаў старэйшых класаў прайшоў брэйн — рынг па творах Я. Коласа. Навучэнцы ж 7-х класаў у гэты дзень прапанавалі гледачам інсцэніроўку ўрыўка з твора З. Бядулі «На Каляды да сына».
21 лютага святкавалі Міжнародны дзень роднай мовы. Ён прайшоў насычана і займальна: на перапынках навучэнцы гулялі ў інтэрактыўныя гульні: «Марскі бой», «Разумнікі і разумніцы», «Гавары па–беларускі». Па завяршэнні Тыдня беларускай мовы і літаратуры былі падведзены вынікі, самыя актыўныя, а гэта М. Хайчанка, А. Лягуцкая, Н. Іванова, Я. Князькова, К. Санько і іншыя былі ўзнагароджаны дыпломамі. Тыдзень прайшоў цікава і займальна.
Вольга ФЕДАРЭНКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце.
Школа №2 г. Чэрыкава.