Іўеўская дзіцячая бібліятэка стала пляцоўкай для рэалізацыі цікавых праектаў «Беларускі чацвер», «Чысціня планеты – чысціня душы», «К душе своей найди дорогу», «Літаратурны куфар», «Через осязание к книге».
Праект «Беларускі чацвер» садзейнічае лепшаму засваенню роднай мовы, выхаванню нацыянальнай свядомасці новага пакалення. Менавіта беларуская кніга дазваляе зазірнуць у цікавы і непаўторны свет нацыянальнай культуры, адчуць шматграннасць прыгажосці роднага слова. У межах праекта супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі арганізоўвалі для сваіх чытачоў майстар-класы «Беларускія народныя гульні» і «Азбука беларускага арнаменту», дзень роднай мовы «Слова жывое, роднае, гаваркое…», інтэрактыўную гутарку «Беларускія прысмакі, ці Стравы нашых продкаў».
Яшчэ ў Іўеўскай дзіцячай бібліятэцы створана аматарскае аб’яднанне «Тэатр у кнізе», працавала бібліятэчная пляцоўка «Лета пад кніжным парасонам». Для дзяцей праводзіліся мерапрыемствы пазнавальна-забаўляльнага характару на свежым паветры, арганізоўваліся літаратурныя выставы.
У дзіцячай бібліятэцы імкнуцца зрабіць прыемнае і бяспечнае для дзяцей асяроддзе, дзе яны змаглі б адчуваць сябе спакойна, расслаблена.
Між іншым дзіцячая бібліятэка ў горадзе Іўе з’яўляецца выдатным памочнікам не толькі для дзяцей, але і для настаўнікаў. Нярэдка выкладчыкі школ і дзіцячых садоў маюць патрэбу ў якаснай і поўнай інфармацыі, якую нялёгка знайсці сярод незлічоных гігабайтаў дадзеных у Інтэрнэце. Тут жа ў іх ёсць унікальная магчымасць знайсці ўсё неабходнае, цікавае, прычым з дапамогай прафесійных супрацоўнікаў, якія з радасцю дапамогуць у нялёгкіх пошуках.
Вольга КЕПЕЛЬ, бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу.
Іўеўская раённая бібліятэка.