Эстафета ведаў

Онлайн-проект "Самый дружный 1-й класс!"

Першае верасня – радасны восеньскі дзень, напоўнены ўсмешкамі і кветкамі, свята для ўсіх дзяцей. Гэта яшчэ і Дзень ведаў, таму што школа – тое месца, дзе мы пазнаём шмат новага і цікавага пра навакольны свет, таямніцы прыроды і саміх сябе. Мы атрымліваем веды і навыкі, якія будуць карысныя нам на працягу ўсяго жыцця, а таксама вучымся разумець прыгажосць, мець зносіны з людзьмі, развіваць свае таленты.

У нашай школе шэсць хлопчыкаў і шэсць дзяўчынак сталі першакласнікамі. Для іх, самых маленькіх, трохі сарамлівых і спалоханых, але вельмі цікаўных, арганізавана свята. Кветкі, рознакаляровыя шары, музыка, новая прыгожаная форма… Колькі нязведанага наперадзе! Словы віншавання ў адрас першакласнікаў  гучаць з вуснаў дырэктара школы, прадстаўніка базавай гаспадаркі, бацькоў. Вялікія букеты ад адзінаццацікласнікаў і кніга «Беларусь – наша Радзіма» падарунак  Прэзідэнта А.Р.Лукашэнкі – гэта забыць ніяк нельга.

Першы ўрок «Я вырас тут, і край мне гэты дарагі» праводзіць настаўніца Ірына Аляксандраўна Лаўцэвіч. Разам з казачнымі героямі,  Васілём і Васілісай, дзеці адпраўляюцца на цягніку ў чароўную Краіну ведаў. У склад  цягніка  ўваходзяць 12 вагонаў, у кожным з якіх дзеці малююць свой партрэт. На прыпынку «Родны востраў» дзеці распавядаюць пра той куточак,  дзе кожны нарадзіўся, на «Востраве  краязнаўчым» даведаліся пра аграгарадок Свіслач,  яго гісторыю, памятныя мясціны і краявіды, на «Востраве Мірны» дзеці размалёўваюць блакітнае неба, вясёлае сонейка і яркую вясёлку, на «Востраве школьны» з шэрагу розных рэчаў выбіраюць і чырвоным алоўкам абводзяць тыя, якія патрэбны ў школе. У канцы ўрока дзеці даюць клятву старанна вучыцца і добра сябе паводзіць. Словы пажадання і парады гучаць для дзяцей і  бацькоў:  няхай гэты год, прынясе мноства новых адкрыццяў, няхай кожны дзень будзе яркім, запамінальным, плённым і напоўніцца толькі дадатнымі вынікамі, новым досведам і выдатным настроем.

Першае верасня – гэта яшчэ і Дзень мудрых слоў, пажаданняў і адкрыццяў. Для першаклашак ён становіцца пачаткам школьнага шляху, а для будучых выпускнікоў — не, не канцом, а кропкай адліку для новых здзяйсненняў і будучых перамог ужо ў сталым жыцці.

***

Паважаныя чытачы!

Запрашаем вас наведаць адзін з самых прыгожых куточкаў Беларусі –

аграгарадок Свіслач і школу, дзе вучням утульна і спакойна.

Знаёмцеся:  першакласнікі

Свіслацкай сярэдняй школы!

Усіх разам нас дванаццаць

Мы — вясёлы і дружны клас.

Мы за год гэта дакажам!

А цяпер пра ўсіх раскажам.

Максім – сябар хоць куды,

З ім нам весела заўжды.

Гуляем разам  і малюем,

І ніколі не сумуем.

Вось Карынка-весялінка,

Яе ўсмешка як іскрынка.

У шахматы гуляе лоўка.

І для ўсіх катоў сяброўка.

Наш Багдан – актыўны хлопчык,

Любіць спорт і жарты ён.

І ўсур’ёз  яго чакае

Алімпійскі стадыён.

Аня – актывістка і спартсменка,

І ў любой навуцы рэкардсменка.

Знешне яна проста як карцінка —

Вельмі сімпатычная дзяўчынка.

Ілья – вельмі смелы і пазітыўны,

І на ўроках ён самы актыўны.

Здароўе сваё трымае ў норме,

Заўсёды Ілля ў выдатнай форме.

Надзя любіць спяваць, танцаваць,

Гуляць у футбол і маляваць.

Наведвае школу музычную,

Дзе творы іграе класічныя.

Лёша ў класе самы маленькі,

Але затое і самы ўдаленькі:

Любому ён рады дапамагаць.

Нам кожнаму хочацца з ім сябраваць.

Любіць наша Анжаліка

У вольны час памаляваць.

А яшчэ яна ўмее на ўроках разважаць.

Стане лепшай вучаніцай,

Бо стараецца вучыцца.

Цімафей у нас рухавы,

Любіць з мячыкам гуляць.

Стане хутка футбалістам!

Трэба толькі пачакаць.

Талентаў многа ў Васіліны:

Любіць чытаць, маляваць і спяваць.

Супер-дзяўчынка! І, безумоўна,

Ёй пашанцуе выдатніцай стаць.

Вось Ілля – цудоўны хлопчык.

Лепшы сябар ён для нас.

Па характару спакойны.

Увогуле, ён – першы клас!

Уся школа з павагай глядзіць на Вікторыю.

Ніхто без яе бы вучыцца не змог.

Не верыце? Сёлета гэта дзяўчынка

Званіла ў школе першы званок!

Нашы першыя ўраджанні:

Першы раз у першы клас

Мы прыйшлі ў верасні.

“Уводзіны ў школьнае жыццё” для нас

Цяпер ужо завершаны.

У школе будзем мы лічыць,

Чытаць, пісаць і маляваць.

На ўроках плённа працаваць,

Часта руку паднімаць.

Калі настане перапынак

Дружна разам пагуляем.

Мы любім гэты адпачынак

Яго ні на што не прамяняем.

У школе навучаецца 82 вучні 1-11 класаў, 10 з іх – выдатнікі.  Працуюць 22 педагога, сярэдні ўзрост якіх 45 гадоў. Усе  педагогі  маюць вышэйшую педагагічную адукацыю. Калектыў дружны, зладжаны.

Традыцыі школы: святы чырвонага календара, штогоднія сустрэчы з выпускнікамі юбілейных выпускаў (5, 10, і г.д. гадоў пасля школы), свята ўраджаю, святы апошняга званка для вучняў 4, 9, 11 класаў, валанцёрская дзейнасць, спартакіяда з жыхарамі  аг. Свіслач.

У пазаўрочны час у  школе працуюць 6 гурткоў рознай накіраванасці. Вучні паспяхова ўдзельнічаюць у творчых і інтэлектуальных конкурсах. Мы ганарымся дасягненнямі вучняў у спартыўных спаборніцтвах, у другім этапе рэспубліканскіх прадметных алімпіяд, ў абласным конкурсе “Каложскія чытанні”, ў раённым конкурсе навукова-даследчых работ “Першыя крокі ў навуку”,  ў абласным конкурсе даследчых праектаў “Празрыстыя хвалі Нарачы” (некалькі гадоў запар вучні абараняюць свае праекты ў Рэспубліканскім аздараўленчым лагеры “Зубраня”).

Школа ганарыцца сваімі былымі выпускнікамі. Вось некаторыя з іх: Жучко Леанід Уладзіміравіч – першы прарэктар Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта (у мінулым),  Матук (Бондар) Марыя Андрэеўна – загадчык упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама (у мінулым), Заткоўскі Рыгор Канстанцінавіч – урач алімпійскай зборнай РБ (у мінулым), Нерад Ніна Сільвестраўна – сакратар Мінскага гаркома партыі (у мінулым), Лойка Святлана Пятроўна – журналіст-аглядальнік г.Масква, Шумскі Іван Генрыхавіч – Доктар навук, навуковы супрацоўнік Акадэміі навук Рэспублікі Польшча, г. Варшава, Каладзейскі Вячаслаў Аляксандравіч – хірург, загадчык аддзялення бальніцы №2 г.Гродна і іншыя

Вучням ёсць з каго браць прыклад і мы верым, што ўсе дасягненні ў нашых першакласнікаў яшчэ наперадзе.

Ганна Сяргееўна ГВАЗДОЎСКАЯ,

Гродзенскі раён,

Свіслацкая школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *