Агеньчыкі харэаграфічнага таленту

Из нашей почты

1

2

3

4

Сярод мноства формаў эстэтычнага выхавання школьнікаў харэаграфія займае асобае месца. Заняткі танцамі не толькі вучаць бачыць і разумець прыгожае, але і развіваюць крэатыўнае мысленне, фантазію, забяспечваюць гарманічнае духоўнае і фізічнае развіццё навучэнцаў. Нездарма гістарычна ў кадэцкіх карпусах і жаночых гімназіях харэаграфія была абавязковым прадметам і ацэньвалася гэтак жа строга, як і іншыя агульнаадукацыйныя дысцыпліны. Задача ўсебаковага развіцця асобы ў сучаснай школе ўключае ў сябе патрабаванне павышэння эстэтычнай культуры падрастаючага пакалення і выхаванне мастацкага густу. Эстэтычнае выхаванне школьнікаў будзе няпоўным, калі яны не атрымаюць пэўныя навыкі ў вобласці мастацтва танца.

Ансамбль танца “Вясёлая карусель” быў створаны ў 2003 годзе на базе харэаграфічных класаў, якія ўжо функцыянавалі ў Дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа №9 г.Ліды». Дзякуючы сваёй маладосці, незвычайнай любові да танца, цікавым харэаграфічным пастаноўкам, энергіі і насычанаму сцэнічнаму жыццю, ансамбль «Вясёлая карусель» у 2008 годзе атрымаў ганаровае званне «Узорны». А ў 2013 і ў 2017 гадах з годнасцю пацвердзіў гэта высокае званне.

Узорны ансамбль «Вясёлая карусель» – творчы калектыў, які, маючы свой непаўторны стыль і манеру выканання танцаў, з’яўляецца адным з лепшых калектываў нашага горада і раёна і, безумоўна, візітнай карткай школы. Заснавальнікам калектыва стала група педагогаў-харэографаў на чале з Марынай Аляксееўнай Лесагор. У наш час ва ўзорным ансамблі танца «Вясёлая карусель» працуюць тры педагогі-харэографы: Кандраценка Раіса Мікалаеўна, Багатка Вольга Мікалаеўна, Карчэўская Ірына Паўлаўна і канцэртмайстар Роуба Таццяна Леанідаўна.

Узаемаўплыў мастацтва і педагогікі дазваляе харэографам ансамбля граматна кіраваць развіццём калектыва і выстройваць узаемаадносіны з выхаванцамі. Адным словам, педагогі нашага ансамбля  — людзі творчыя, актыўныя, здольныя захапіць і павесці за сабой юныя сэрцы, адкрытыя чароўнаму свету танца. Працуючы з дзецьмі, яны добра разумеюць, што найбольш магутнай працоўнай прыладай з’яўляецца асоба самога педагога. Уласным прыкладам педагогі-харэографы натхняюць дзяцей на новыя поспехі і дасягненні ў танцавальным мастацтве.

Сёння ўзорны ансамбль танца «Вясёлая карусель»– гэта больш за сто пяцьдзясят дзяцей, улюбёных у танец, згуртаваных атмасферай сяброўства, радасці і ўзаемаразумення паміж педагогамі, танцорамі, адміністрацыяй школы і бацькамі. Хлопчыкі і дзяўчынкі ва ўзросце ад 6 да 14 гадоў займаюцца ў чатырох рознаўзроставых групах: падрыхтоўчая, малодшая, сярэдняя і старэйшая. На занятках удзельнікі ансамбля спасцігаюць асновы харэаграфіі, музычнасці і артыстызму. Рухі танцораў на сцэне заўсёды выглядаюць лёгка і прыгожа, а за гэтай прыгажосцю заўсёды стаяць сістэматычныя заняткі ў харэаграфічнай зале: рытміка, партэрная гімнастыка, асновы  класічнага, народнага і эстраднага танца.

За час свайго існавання «Вясёлая карусель» стала не проста калектывам, а адной згуртаванай сям’ёй са сваімі традыцыямі і пэўнай сістэмай выхавання. Дзяцей малодшага школьнага ўзросту далучаюць да танца праз гульню: на занятках яны пераўвасабляюцца ў жывёл, пераймаючы іх звычкі і імправізуючы пад музыку. У рэпертуарны спіс дадзенай узроставай групы ўваходзяць гульнявыя, сюжэтныя, жартоўныя танцы. Дзецям старэйшага ўзросту паступова ўводзяцца больш тэхнічна складаныя рухі, што садзейнічае развіццю фізічнай сілы і цягавітасці.

Хацелася б сказаць і пра традыцыі, якія бяруць свой пачатак з часоў стварэння калектыва. Кожны год педагогі і ўвесь склад ансамбля прымаюць у сваю сям’ю тых, хто толькі пачынае здзяйсняць свае першыя нясмелыя па ў танцавальным класе – першакласнікаў. Для іх праходзіць урачыстае свята «Пасвячэнне ў танцоры», дзе Фея танца ўводзіць дзетак у свет харэаграфічнага мастацтва,  у свет шчырых эмоцый і пачуццяў, веры і даверу. Пачынаючыя артысты ўпершыню дакранаюцца да крыштальнага туфліка Феі танца, з заміраннем у сэрцы сочаць за казачным прадстаўленнем і з захапленнем сустракаюць харэаграфічныя нумары ўдзельнікаў ансамбля «Вясёлая карусель».

Калектыў заўсёды з задавальненнем (актыўна) удзельнічае ў школьных мерапрыемствах, канцэртах, акцыях, у гарадскіх і раённых святах (вечар сустрэчы выпускнікоў, Дзень настаўніка, Дзень маці, Дзень абароны дзяцей, спартыўныя мерапрыемствы) . Узорны ансамбль танца » Вясёлая карусель» вядзе шматгадовае супрацоўніцтва з 116-гвардзейскай Радомскай штурмавой авіяцыйнай базай і ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат». За сваю творчую дзейнасць і ўдзел у грамадскім жыцці гарадскіх прадпрыемстваў і арганізацый калектыў ансамбля «Вясёлая карусель» неаднаразова быў узнагароджаны каштоўнымі падарункамі і падзячнымі лістамі.

Калі ў ансамблі існуюць традыцыі, то можна з упэўненасцю гаварыць пра спрыяльны псіхалагічны клімат унутры калектыва. Заняткі танцамі вучаць дзіця быць мэтанакіраваным, рабіць правільны выбар, фарміруюць здаровы погляд на жыццё, прывучаюць да жыцця ў соцыуме. У ансамблі розная ўзроставая катэгорыя дзяцей, а таму ўдзельнікі старэйшай групы дапамагаюць малодшым, наглядаюць за імі,а тыя, у сваю чаргу, вучацца мець зносіны са старэйшымі.

Аснову рэпертуара ўзорнага ансамбля «Вясёлая карусель» складаюць народныя танцы. Харэаграфічныя кампазіцыі » Калінка «, «Боб малацiць», » Закаблука», «Танцы на лаўцы», «Пераскокi», «Лявонiха», «Купалiнка» і іншыя ўвайшлі ў залаты фонд ансамбля і заслужылі велізарную лбюоў і сімпатыю гледачоў . Удзельнікі ансамбля з задавальненнем выконваюць дзіцячыя, сюжэтныя, эстрадныя танцы. Але чаму ж менавіта народнаму танцу ў калектыве аддаецца перавага?

Вывучаючы танцы розных народаў, удзельнікі калектыву знаёмяцца з нацыянальнай культурай і традыцыямі розных краін. Народны танец – гэта яшчэ і пашырэнне далягляду, гэта духоўная спадчына,  да якой трэба ставіцца паважліва і талерантна. Поспех прыходзіць не толькі да дзяцей, адораных ад нараджэння, а часцей за ўсё да працавітых, якія, не шкадуючы сябе, прыкладваюць для гэтага не толькі фізічныя намаганні, але яшчэ і ўкладваюць душу ў тое, што яны робяць. Акрамя таго, заняткі ў танцавальным калектыве дысцыплінуюць, таму што абавязваюць удзельнікаў паспяваць усюды: у школе, у хаце, у грамадскім жыцці, у іншых справах. Удзельнікі калектыва добра разумеюць важнасць і неабходнасць выканання правіл паводзін на ўроках, нормаў зносін з аднагодкамі і педагогамі.

І яшчэ адна не меней важная заўвага. Заняткі ў калектыве – гэта магчымасць заявіць пра сябе. Канцэрты, конкурсы, фестывалі, буйныя раённыя, гарадскія і абласныя святы, здымкі для тэлебачання – усё гэта стымулюе дзяцей да працы. Абсалютна ўсе ўдзельнікі ўзорнага ансамбля танца «Вясёлая карусель» змагаюцца са страхам сцэны і публічных выступленняў, што, несумненна, дапамагае ім у дарослым жыцці быць больш упэўненымі, адказнымі і адважнымі, чым іх аднагодкі.

У  «Вясёлай каруселі» яркі спіс перамог і ўзнагарод за ўдзел у розных конкурсах, фестывалях. Выніковасць выступленняў гаворыць пра прафесіяналізм педагогаў-харэографаў і пра згуртаваную працу ўсяго калектыва ўцэлым.

У 2015 годзе калектыў стаў уладальнікам дыплома I  ступені ў раённым аглядзе-конкурсе «Арт-горад»; дыплома II ступені абласнога этапу агляду мастацкай самадзейнасці «Добры дзень, свет»; дыплома I ступені і дыплома II ступені, а таксама ўладальнікамі спецыяльнага прыза ў ХVII рэгіянальным фестывалі-конкурсе дзіцячай аматарскай харэаграфічнай творчасці «Крыштальны чаравічак».

У 2016 годзе ўзорны ансамбль танца «Вясёлая карусель» стаў лаўрэатам ІІІ ступені ХХІІ абласнога фестывалю-конкурсу » Таленты Прынямоння » і дыпламантам Міжнароднага свята харэаграфічнага мастацтва ў рамках XI Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у горадзе Гародні.

У 2017 годзе калектыў быў узнагароджаны дыпломам II ступені ў рэгіянальным фестывалі-конкурсе дзіцячай аматарскай харэаграфічнай творчасці «Крыштальны чаравічак».

У 2018 годзе ўзорны ансамбль танца «Вясёлая карусель» адзначыць сваё 15-годдзе. У 2019 годзе лаўрэаты I ступеніт раённага этапу V рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Дзень добры, свет!”, лаўрэат III ступені абласнога этапу V Рэспубліканскага смотра-конкурса “Дзень добры, свет!”, лаўрэат II ступені ХIХ адкрытага рэгіянальнага фестываля-конкурсу дзіцячай харэаграфічнай творчасці “Крыштальны чаравічак”, лаўрэат III ступені раённага конкурсу танцавальных калектываў “Молодёж Денс/БРСМ” лаўрэат II ступені раённага конкурсу танцавальных калектываў “Піянерскі челендж”.

Удзельнікі калектыву і педагогі-харэографы ўжо працуюць над стварэннем новых харэаграфічных пастановак, каб даставіць ні з чым не параўнальнае задавальненне сваім гледачам. Будзе кіпець праца, будуць праходзіць рэпетыцыі, будзе адточвацца кожны рух – адным словам, будзе праводзіцца вялікая работа, прымеркаваная да вялікай падзеі. А потым дзеці надзенуць новыя гарнітуры, загарацца шчасцем іх твары, запоўніцца гледачамі зала, прагучыць уступ і… і зноў закруціцца, закруціцца, засвеціцца рознакаляровымі агнямі танца «Вясёлая карусель».

Здановіч Таццяна Валянцінаўна,

настаўніца рускай мовы і літаратуры,

Дзяржаўнай установы адукацыі

“Сярэдняя школа №9 г.Ліды”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *