Экскурсійны маршрут па родных мясцінах

Онлайн-проект "Самый дружный 1-й класс!"

1

2

3

4

Буклет 01 нов

Буклет 02нов

Экскурсійны маршрут па родных мясцінах

(ІІ тур анлайн-праекту “Самы дружны 1-ы клас!»)

У кожнага чалавека, які нарадзіўся і жыве, ёсць свая малая радзіма. Для нас — гэта вёска Свіслач, зямля, даражэйшая за ўсё на свеце, самы ўтульны і чароўны куток, вёска нашага дзяцінства, гераічная беларуская  зямля з  багатай гісторыяй.

1.Рака Свіслач. Вёска Свіслач… Невялікая вёсачка, якая раскінулася на беразе аднаімённай ракі ўсяго ў 25 км ад горада Гродна. Рака Свіслач з’яўляецца прытокам Нёмана. Яна дзеліць вёску на дзве амаль роўныя часткі.  Іменна рака дала назву нашай вёсцы. Ранейшая назва вёскі — Дзерачынка. Яна паходзіць ад назвы царкоўнага прыхода Дзерачынак (“дзе рэчка”). Даўжыня Свіслачы складае 121км. Рака прымае 11 прытокаў. У 2011 годзе ў межах вёскі Свіслач на рацэ ўтварылася вадасховішча. Яго ўтварэнне звязана з будаўніцтвам ГЭС на Нёмане. Шырыня вадасховішча ў некаторых месцах дасягае 1км.  Рака Свіслач не толькі крыніца назвы вёскі, гэта любімае месца адпачынку жыхароў Свіслачы.

2. Царскае сяло. Вёска Свіслач мае і народную назву “Царскае сяло”. Гавораць, што калісьці міма праплываў па рацэ цар (Стэфан Баторый ці Пётр І?). Магчыма, ён зрабіў у вёсцы прывал. І з тых часоў гэта месца завецца Царскім Сялом. (На здымку вуліца Паркавая – самая старажытная вуліца вёскі Свіслач, якую ў народзе называюць Царскім Сялом)

3.Палац Марты Красінскай. Першыя пісьмовыя звесткі пра вёску Свіслач знаходзяцца ў «Пісцовай кнізе Гродзенскай эканоміі» і адносяцца да 1558 года. У 1565 годзе згадваецца  гаспадар Свіслачы гродзенскі харужы Богуш Міцута. Пазней Свіслач з’яўлялася ўласнасцю Кірдзееў,  з 1754 года належала Ромэрам. У першай палове ХІХ стагоддзя вёска стала ўласнасцю Вандаліна Пуслоўскага. У ХІХ стагоддзі маёнтак Свіслач стаў пасагам дачкі Вандаліна Пуслоўскага і Ядвігі Галамбек-Язерскай Марты. Пасля таго, як яна выйшла замуж за Казіміра Красінскага, Марта стала ўладальніцай Свіслачы. Нарадзілася яна ў 1859 годзе. Дзяцінства і маладосць правяла ў маёнтку Мерачоўшчына і Варшаве. З’яўлялася фрэйлінай царскага двара. Трымала мастацкі салон ў Варшаве, пісала творы і малявала. Перад Першай сусветнай вайной яна выдала томік навэл пад псеўданімам Манкгут. Перад Другой сусветнай вайной Красінская пераехала да сына ў Ніццу, дзе і памерла ў 1943 годзе. Апошнім уладальнікам Свіслачы быў старэйшы сын Марты Міхал Красінскі, які быў забіты 20 кастрычніка 1939 года ў Квасоўцы (суседняй вёсцы) і пахаваны на мясцовых могілках. Да нашага часу ў Амерыцы жывуць патомкі Марты Красінскай. У 2009 годзе Свіслач наведалі яе  ўнук Ян са сваім сынам Крыштафам.

Будаўніцтва палаца Марты Красінскай у Свіслачы пачалося на мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў. Палац пабудаваны ў стылі мадэрн. Імя яго архітэктара невядома. Старажылы расказвалі, што будавалі палац польскія дойліды. Актыўны ўдзел у будаўніцтве прымалі і мясцовыя жыхары. Палац складаўся з трох паверхаў і падвала. Дваровы фасад палаца быў упрыгожаны галерэяй. Балкон цягнуўся ўздоўж усяго фасаду. У ім было 60 пакояў. Столі і сцены ўпрыгожаны стукавай  ляпнінай. Ляпніна сядзібнага дома, на жаль, не захавалася, як першапачатковае афармленне інтэр’ера. Але старажылы  яшчэ памятаюць насценны жывапіс у выглядзе анёлаў, амураў і антычных пейзажаў, цудоўны мастацкі паркет. Палац захаваўся да нашага часу. Цяпер тут размешчаны праўленне  СВК “Свіслач”, бібліятэка, клуб, банк, музей.

4. Парк. Пейзажны парк быў заложаны ў канцы 19-п.20ст. на плошчы пяці гектараў. Рака стала прыроднай мяжой пейзажнага парку, разбітага вакол палаца. Уздоўж фасаднага боку сядзібнага дома садоўнікі размясцілі шырокую дзесяціметровую грабавую алею, якая выконвала асноўную транспартную функцыю ў сядзібе. Насаджэнні парка былі прадстаўлены групамі дрэў, якія чаргаваліся з палянамі. У парку і цяпер растуць рэдкія для Беларусі чырвоны клён Рэйтэнбаха, хвоя Веймутава, ілжэтсуга, карагана, белая акацыя і іншыя дрэвы. Свіслацкі парк адносіцца да тыпу пейзажных, што падкрэсліваецца маляўнічай планіроўкай тэрыторыі і размяшчэннем зялёных насаджэнняў. Сядзібны дом Марты Красінскай і пейзажны парк у Свіслачы ўнесены ў “Залатое кальцо Гродзенскага раёна”.

5. Камень-валун. У 2002 годзе каля вёскі Няцечы быў знойдзены сведка эпохі старажытнага аледзянення —  камень-валун. Цяпер ён размешчаны ў парку вёскі Свіслач. У 2004 годзе, юбілейным  для Свіслачы,  на ім быў выгравіраваны надпіс: ”1944-2004. 60 год СВК “Свіслач”.

6. Музей СВК “Свіслач”. Музей заснаваны 1 студзеня 2007 года. Экспазіцыя музея складаецца з наступных раздзелаў: “Гісторыя маёнтка графіні Марты Красінскай”, “Саўгас “Свіслач” з 1944 па 1984г.г.”, “Зала Вялікай Айчыннай вайны”, “Зала народнай творчасці”, “Беларуская хатка”. У музеі захоўваецца інфармацыя аб уладарах Свіслачы, асноўных падзеях яе гісторыі, аб побыце мясцовых жыхароў у розныя часы. Кіраўніком музея з’яўляецца Шыдлоўская Зінаіда Лявонцьеўна, раней працавала настаўніцай Свіслацкай  школы.

7. Помнік баявой славы. Ёсць у Свіслачы памятнае месца — брацкая магіла воінаў, якія загінулі пры яе вызваленні.  Вёска Свіслач была вызвалена ў ходзе Беластокскай аперацыі, якая з’яўлялася часткай аперацыі “Баграціён”, ў ліпені 1944 года. У вызваленні Свіслачы прымалі ўдзел салдаты 139-й Раслаўльскай Чырвонасцяжнай ордэна Суворава II ступені стралковай дывізіі.У вёсцы Свіслач знаходзіўся штаб 609-га стралковага палка пад аховай старшыны М. Шылава і радавога Л.Сарокіна.  Цяжкія баі за вызваленне Свіслачы вяла і 64-я Магілёўская ордэна Суворава стралковая дывізія. У жорсткіх баях за вёску Свіслач і навакольныя вёскі загінулі 341 салдат і афіцэр. Сярод іх Героі Савецкага Саюза П.С.Садакоў, І.М. Мяльноў і А.А. Ібраеў. У 1958 годзе на брацкай магіле ўстаноўлены помнік – скульптура воіна з лаўровым вянком. Імем Садакова названа вуліца ў вёсцы Свіслач, яго імя носіць піянерская арганізацыя і ГА”БРСМ” нашай школы.

8.Свята-Крыжаўзвіжанская царква. Гісторыя Свята-Крыжаўзвіжанскай царквы бярэ пачатак у ХIХcт. Царква будавалася як уніяцкая ўладальнікамі вёскі Дарошавічы і іншых навакольных вёсак.  У 1863 годзе пры Дзерачынкоўскім  царкоўным прыходзе было адкрыта сельскае царкоўнае вучылішча, у якім навучалася 20 вучняў. Вядома імя і святара — Аляксандр Пігулеўскі. У час вайны царква была разбурана. У 1977 годзе пачалася рэстаўрацыя яе сіламі вернікаў і мясцовых гаспадарак. Сёння царква пастаянна дзейнічае, святаром з’яўляецца айцец Андрэй (Русак).

9.Касцёл Божай Міласэрнасці. На тэрыторыі вёскі Свіслач у 2002 годзе пабудаваны касцёл Божай Міласэрнасці. Ён будаваўся на сродкі прыхажан. Вялікую дапамогу ў будаўніцтве касцёла аказаў  СВК “Свіслач”. Святаром яго з’яўляецца ксёндз Тадэвуш Крыштопік. Колькасць парафіян складае 140 чалавек.

10.Свіслацкая сярэдняя школа. Гісторыя Свіслацкай сярэдняй школы бярэ пачатак у 1936 годзе. Яна была 4-х гадовая, з навучаннем толькі на польскай мове і называлася Дзерачынкоўскай па назве царкоўнага прыхода. У гады вайны школа была закрыта. Заняткі аднавіліся ў 1944 годзе.  Да 1958 года школа была сямігадовай. З 1958 па 1964 гады школа была васьмігадовай.  У 1964 годзе Дзерачынкоўская школа стала сярэдняй.  У 1991г. быў пабудаваны новы будынак школы. Школа стала называцца Свіслацкая.

11.Краязнаўчы музей школы. У маі 2005 года ў сувязі з 60- годдзем Вялікай Перамогі ў школе быў адкрыты Краязнаўчы музей. Экспазіцыя  яго складаецца з 8 раздзелаў: ”Гісторыя вёскі Свіслач”, “Гісторыя СВК”Свіслач”, ”Гісторыя Свіслацкай СШ”, “Ваенная гісторыя вёскі Свіслач”,“Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны — нашы землякі”,“Афганістан баліць у маёй душы”,“Нашы славутыя землякі“,”Этнаграфія.” Колькасць экспанатаў у музеі: усяго 170, у т. л. асноўнага фонду 136. Кіраўніком музея з’яўляецца настаўніца гісторыі Жукоўская З.І.

12. Музей Маці. Музей Жанчыны-Маці, створаны ў 2004 годзе ў Гродзенскім раёне па ініцыятыве прэзідыума Гродзенскай раённай жаночай арганізацыі “Надзея” грамадскага аб’яднання  “Беларускі саюз жанчын”. Мэта музейных экспазіцый — раскрыць ролю жанчыны ў розных сферах жыцця, сабраць і захаваць матэрыялы аб выдатных жанчынах Беларусі, Гродзеншчыны,у прыватнасці. Музейныя раздзелы: “Знакамітыя жанчыны Беларусі” ( Рагнеда, Ефрасіння Полацкая, Барбара Радзівіл…),  “Жанчыны, узнагароджаныя Ордэнам Маці” (тры жанчыны з вёскі Свіслач),  “Жанчыны – Героі Сацыялістычнай Працы”  (восем нашых зямлячак узнагароджаны гэтым высокім званнем), “Подзвіг мацярынскага сэрца” (аб жанчынах, чые сыны не вярнуліся з вайны — пяць маці з Гродзенскага раёна не дачакаліся сваіх сыноў), “З гісторыі жаночага руху на Гродзеншчыне” (аб дзейнасці “Беларускага саюза жанчын” з 1950г па 1995г),  “Герой Сацыялістычнай Працы Белякова Антаніна Іванаўна” (аб Старшыні Гродзенскага райвыканкама, Герою Сацыялістычнай Працы, якая на працягу пятнаццаці гадоў была сапраўднай гаспадыняй Гродзенскага раёна), “Памяць вогненных гадоў” (аб жанчынах Гродзеншчыны, хто цаной свайго жыцця набліжаў Вялікую Перамогу, аб жанчынах-ветэранах), “Жанчыны – заслужаныя настаўнікі” (17 прадстаўніц Гродзенскага раёна атрымалі званне Заслужаны настаўнік ),Дзейнасць жаночай арганізацыі “Надзея” (самай масавай у Гродзенскім раёне),  “Музей – цэнтр гендэрнага выхавання” (развіццё ідэі раўнапраўя мужчын і жанчын у пытаннях палітыкі, эканомікі, сацыяльных абаронаў  і гарантый). У музеі аформлены выставы ”Жанчыны, якія ўславілі Беларусь”, “Выява маці ў мастацтве”,  “Майстрыхі Гродзенскага раёна”.

З вёскай Свіслач  звязаны лёсы такіх выдатных прадстаўнікоў Беларусі як род вядомых мецэнатаў і прадпрымальнікаў Пуслоўскіх, гонар беларускай літаратуры Эліза Ажэшка, вядомы пісьменнік Клімент Якаўчык,  алімпійскі чэмпіён баскетбаліст Іван Ядэшка.

Вось і закончылася наша экскурсія. Мы разам з вамі зазірнулі ў мінулае і сучаснае Свіслачы. Гістарычнае мінулае нашай вёскі з’яўляецца неад’емнай часткай гісторыі Беларусі. Як рака складаецца з ручаёў, так і гісторыя нашай бацькаўшчыны складаецца з гісторыі асобных населеных пунктаў, такіх як вёска Свіслач. Запрашаем у госці!

Вучні 1-га класа, Свіслацкая школа,

Гродзенскі раён.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *