Павіншавалі са святам

Из нашей почты

бабуля

У трэцюю нядзелю лістапада, калі работы на палях завяршаюцца, ураджай сабраны , сваё прафесійнае свята адзначаюць працаўнікі сельскай гаспадаркі.

Мы, вучні Казлоўшчынскай сярэдняй школы, члены валанцёрскага атрада “Добрае сэрца” вырашылі наведаць Алену Віктраўну Валанцэвіч, каб павіншаваць яе са святам і задаць ёй некалькі пытанняў.

—         Алена Віктраўна, раскажыце, калі ласка, пра сябе.

-Значную частку свайго жыцця адпрацавала ў паляводчым звяне калгаса “Чырвоны кастрычнік”, цяпер КСУП “Вензавец”. Цяжкай работы не баялася, заўсёды была ў ліку перадавых работнікаў, за што ў свой час і атрымала званне “Заслужаная калгасніца”.

25 мая 2020 года сустрэла сваю 92-ю вясну. Я  даўно на пенсіі, але гады працы ў гаспадарцы і сёння яркімі вобразамі ўсплываюць у маёй памяці.

Нарадзілася ў Вензаўцы, у сям’і сялян, дзе гадавалася яшчэ чацвёра дзяцей.З дзяцінства бацькі прывучалі нас да працы. Да Вялікай Айчыннай вайны паспела скончыць чатыры класы – гэта ўся мая адукацыя. Пасля вайны пачалі стварацца калгасы. Мой бацька ўступіў у гаспадарку, аддаў каня, воз, зямлю. У хуткім часе і я стала работніцай калгаса “Чырвоны кастрычнік”.

За гады працы  нахадзіла сотні кіламетраў па палетках гаспадаркі, высушыла тоны сена, прапалола незлічоную колькасць гектараў буракоў, нарыхтавала тоны лёну.

Паляводчае звяно, дзе я працавала, налічвала дванаццаць чалавек. Найчасцей паляводам даводзілася вырошчваць і ўбіраць лён, па першым часе ўручную жаць жыта і пшаніцу, капаць бульбу. Акрамя таго, за кожнай з работніц абавязкова замацоўвалася вялікая дзялка буракоў, якія неабходна было вырасціць, убраць і здаць у калгас. Звычайна на такіх дзялках працавалі цэлымі сем’ямі.

Працаваць у сельскай гаспадарцы стала значна лягчэй, калі на палеткі пачалі выходзіць першыя трактары.

А да з’яўлення тэхнікі вазіць угнаенні, гараць, адвозіць ураджай даводзілася коньмі.

Нягледзячы на цяжкую працу, мы ўмелі весела адпачываць. У Вензавецкім клубе ў часы маёй маладосці рэгулярна ладзіліся танцы. А вось вынікі работы падводзілі на справаздачных калгасных сходах, там жа ўшаноўвалі лепшых працаўнікоў. Перадавікам ва ўрачыстай абстаноўцы ўручалі каштоўныя падарункі. Нам, жанчынам, найчасцей даставаліся адрэзы тканіны. Мяне аднойчы ўзнагародзілі пакрывалам, толькі зрэдку выдавалі грашовыя прэміі. Увогуле, працяглы час калгаснікі рабілі за “працадні”, зарплату нам пачалі налічваць ужо пазней.

Замуж  я выйшла ў 23 гады за жыхара Вензаўца Канстанціна Валанцэвіча.  Муж быў інвалідам другой групы Вялікай Айчыннай вайны, па стане здароўя працаваў у калгасе начным вартаўніком. Мы выгадавалі траіх дзяцей: дачка Марыя была швачкай, затым працавала ў сельскай гаспадарцы, дачка Міра рабіла выхавальніцай і загадчыцай у дзіцячым садку, сын Віктар да гэтага часу працуе ў ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” у дрэваапрацоўчым цэху.

Шмат гадоў таму пайшоў з жыцця  мой муж, але клопатам і павагай мяне акружылі дзеці, пяць унукаў і трое праўнукаў. А я ў сваю чаргу не стамляюся шчодра дзяліцца з імі мацярынскай пяшчотай. І на пенсіі ў свае шаноўныя “за дзевяноста” не люблю сядзець без справы: завіхаюся па гаспадарцы, а летам нават палю градкі.

Дзякуй, бабуля, за такое цікавае апавяданне. А што Вы, Алена Віктараўна, пажадаеце нам, малодшаму пакаленню?

-Жадаю вам, дзеткі, моцнага здароўя, любові да справы, поспехаў, дабрабыту. Будзьце заўседы ў пашане сярод сваіх аднакласнікаў і настаўнікаў.

Арцём ЕРАМЕЙЧЫК, 11 клас,

Казлоўшчынская сярэдняя школа.

Дзятлаўскі раён, Гродзенская вобласць.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *