Валанцёр і час: што нас хвалюе?

Из нашей почты

изображение_viber_2020-11-21_11-38-15

На Дзятлаўшчыне прайшло анлайн-пасяджэнне раённага валанцёрскага клуба «Мы разам» па актуальнай для моладзі тэме «Валанцёр і час: у аб’ектыве – здароўе».

Мадэратарам сустрэчы ў галоўнай студыі, якая знаходзілася ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава, выступіла старшыня клуба, яна ж метадыст Цэнтра Ірына Анатольеўна Мішчанка.

Яна прапанавала валанцёрам устаноў адукацыі раёна пачаць абмеркаванне асноўных тэзісаў тэмы з анлайн-трэйнінгу «Курэнне, алкагалізм – жыццё без будучыні». Каб настроіцца на прадукцыйную работу і стварыць добразычлівую атмасферу, з удзельнікамі спачатку правялі гульню-размінку «Падарунак»: з дапамогай мімікі і жэстаў дзеці дарылі добры настрой сябрам анлайн.

Практыкаванне «Асацыяцыі» дапамагло вызначыць, што для навучэнцаў значыць слова «здароўе». Большасць дзяцей выказала меркаванне, што здароўе чалавека – гэта не проста адсутнасць хваробаў, але і стан поўнага фізічнага і маральнага дабрабыту.

Свае веды наконт карысных і шкодных для арганізму прадуктаў і рэчываў навучэнцы праверылі ў час практыкавання «Веру – не веру». Віктарыны «Цыгарэта» і «П’янству – бой» дапамаглі падлеткам больш цвёрда пераканацца ў тым, што не існуе бясшкодных цыгарэт і алкагольных напояў, што гэтыя дрэнныя звычкі адмоўна ўплываюць на арганізм чалавека, прыводзяць да хваробаў, скарачаюць жыццё.

Свае адносіны да шкодных звычак навучэнцы выказалі з дапамогай практыкавання «Дапоўні сказ». Дзцям давялося паразважаць і дапоўніць сказы: «Калі я бачу п’янага, я адчуваю… Размаўляючы з чалавекам, які п’е, я разумею… Галоўная прыкмета алкагольнай залежнасці, як мне здаецца …».

Шмат станоўчых эмоцый удзельнікам анлайн-сустрэчы падарыў конкурс малюнкаў «Які цудоўны гэты свет!». Маляваць было неабходна з заплюшчанымі вачамі. Нават пры такой умове ў валанцёраў устаноў адукацыі раёна атрымаліся дастойныя і арыгінальныя работы: снегавік, дрэўца, сонейка, зайка, іншыя.

Наступнае заданне было не менш крэатыўным і прыемным. Навучэнцы павінны былі змайстраваць з паперы карабельчык здаровага ладу жыцця і напісаць на ім свае пажаданні.

Тэму здароўя прадоўжыла дамашняе заданне: валанцёрам прапанавалі напісаць адзін аднаму СМС-паведамленні па тэме «Будзем рабіць добрае і не будзем кепскае».

Вынікі анлайн-пасяджэння падвяла старшыня раённага валанцёрскага клуба «Мы разам» Ірына Анатольеўна Мішчанка. Яна падкрэсліла, што ў час пандэміі валанцёрам устаноў адукацыі Дзятлаўшчыны важна не толькі больш старанна клапаціцца аб пажылых людзях, але і самім заставацца моцнымі і здаровымі. А для гэтага важна займацца спортам, сачыць за харчаваннем, не набываць шкодных для здароўя звычак.

Ірына СТЫРНІК.

г. Дзятлава,

Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *