Каляндар добрых спраў

Из нашей почты

1

Штогод адчуваем таемнае чаканне цуду перад Ражством, Новым годам. Кожны чалавек сам вырашае, чаму прысвяціць апошні месяц года. Вучні Раклевіцкага дзіцячага сада–базавай школы вырашылі правесці гэты час, здзяйсняючы добрыя справы.

У рамках акцый «Нашы дзеці», «Цуды на Каляды» ў нашай установе адукацыі актывам піянерскай дружыны імя А. Я. Калашнікава распрацаваны міні-праект «Каляндар добрых спраў». Дапамогу ў вырабе святочнага каляндара аказалі ўдзельнікі аб’яднання па інтарэсах «Цудоўны фааміран».

Піянеры сталі ініцыятарамі шматлікіх творчых спраў, скіраваных на практычную рэалізацыю міні-праекта. У снежні вучні працуюць і напаўняюць свае дні добрымі справамі. Так, дзеці актыўна пачалі ўпрыгожваць класныя кабінеты, фае, зрабілі фотазону, дапамаглі хвораму дзіцяці, арганізавалі збор другаснай сыравіны, пачалі падрыхтоўку творчых нумароў.

Штотыднёва падводзяцца прамежкавыя вынікі работы «Каляндара добрых спраў», салодкімі пачастункамі адзначаюцца самыя актыўныя і ініцыятыўныя дзяўчынкі і хлопчыкі.

Наперадзе вучняў чакае яшчэ шмат цікавых спраў, правядзенне якіх змястоўна напоўніць наш каляндар. Спадзяемся, што дабрыня і міласэрнасць стануць неад’емнай часткай жыцця нашых вучняў.

Марына Міхайлаўна НЕЧАЙ,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры.

Дзятлаўскі раён, Раклевіцкі дзіцячы сад-базавая школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *