Дэкада адкрытых факультатыўных заняткаў

Из нашей почты Новости

 

З мэтай развіцця цікавасці ў вучняў да вывучэння вучэбных прадметаў у Шчорсаўскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе прайшла «Дэкада адкрытых факультатыўных заняткаў».

Такая форма прадугледжвае вялікую падрыхтоўчую работу, падчас якой настаўнік і навучэнцы атрымліваюць магчымасць узаемнага супрацоўніцтва для стасункаў, не звязаных рамкамі праграмы і не абмежаваных часам вучэбнага занятку. Акрамя таго, дзеці атрымліваюць магчымасць пазнаёміцца са светам навукі: цікавай і жывой – бо матэрыял для мерапрыемстваў, у большасці, падбіраецца займальнага і гістарычнага характару.

Падчас дэкады прайшоў конкурс «Ёсць ідэя!», у рамках якога вучні прапаноўвалі свае ідэі па фармату прадстаўлення занятку. Дзяўчынкі і хлопцы падбіралі матэрыялы, раіліся. Ішла дружная, актыўная работа навучэнцаў. Падбіраючы матэрыялы, дзеці многа даведаліся з гісторыі, інфарматыкі, біялогіі, матэматыкі, адкрылі для сябе цікавыя і таямнічыя факты. Самыя цікавыя ідэі былі выкарыстаны настаўнікамі.

У фае другога паверха быў аформлены стэнд «Цікавае вакол нас!», на якім штодня размяшчалася пазнавальная інфармацыя.

Кожны настаўнік падышоў да падрыхтоўкі з адказнасцю і з творчым настроем, у выніку чаго факультатыўныя заняткі прадстаўленыя пад час Дэкады атрымаліся разнастайнымі, цікавымі і захапляльнымі.

Педагогі ўпэўненыя, што праведзеныя мерапрыемствы спрыяюць не толькі паглыбленаму вывучэнню вучэбных прадметаў, але і развіццю асобасных якасцяў навучэнцаў, актывізуюць іх разумовую дзейнасць, матывуюць да далейшай самаадукацыі і самаразвіцця.

Наталля Васільеўна ПАЧАБУТ,

намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце.

Навагрудскі раён,

Шчорсаўскага дзіцячага сада–сярэдней школы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *