У сучасным свеце людзі маюць шмат розных крыніц інфармацыі. Гэта як звычайныя кнігі і газеты, так і сучасныя тэлебачанне і гаджэты ды іншыя сродкі. Няма сумнення, што мы ўсе ў той ці іншай ступені прапускаем праз сябе інфармацыю самых розных накірункаў. І, канешне, гэтая інфармацыя ўздзейнічае на наш светапогляд, яна фарміруе нашу асобу. Выхаваўчы патэнцыял сродкаў масавай інфармацыі вельмі вялікі. Ёсць такі выраз: хто валодае інфармацыяй – той валодае светам. Гэта не перабольшванне.
Сучасная моладзь сутыкаецца з самымі рознымі думкамі, плынямі, вучэннямі. Як разабрацца ва ўсёй гэтай мешаніне, дзе знайсці тое, што правільна, а што не? Маладому чалавеку няпроста зрабіць выбар. У розныя часы існавалі розныя арыенціры маральных каштоўнасцей. І гэтыя погляды навязвалі людзям менавіта сродкі масавай інфармацыі і камунікацыі. Моладзь глядзіць тэлебачанне, інтэрнэт. Калі пастаянна будуць паказваць жорсткасць, забойствы, алкаголь і курэнне, яны проста прывыкнуць да гэтага, будзе думаць, што гэта норма. Калі на кожным вуглу будзе гучаць нейкая песня, яе будуць хваліць, хлопцы і дзяйчаты будуць думаць, што гэта так. Нават калі тая ці іншая інфармацыя носіць разбуральны, негатыўны характар, а падаецца як вышэйшае дасягненне культуры, немалая частка моладзі паддаецца пад уплыў негатыву.
Як супрацьстаяць вось такому масаваму наплыву інфармацыі, які цяпер існуе, як вырашыць, што адкінуць, а што не? Па-першае, думаю, многае значыць выхаванне ў сям’ і і прыклад бацькоў. Бо там мы бачым паўсядзённае жыццё. Па-другое, школа, якая выхоўвае, накіроўвае на разумныя і правільныя дзеянні. Яна павінна прыцягваць да такіх мерапрыемстваў і падзей, якія дапамогуць зрабіць моладзі правільны выбар у жыцці. Па-трэцяе, самі падлеткі павінны арыентавацца на вечныя каштоўнасці, такія, як дабро, любоў, павага да людзей, здаровы лад жыцця. Тады зможам даць адпор ўсяму непатрэбнаму і злому.
Безумоўна, магутны патэнцыял сродкаў масавай інфармацыі, інфармацыйных тэхналогій патрэбна прымяняць у выхаваўчай рабоце. Педагогі самі павінны добра ведаць сучасныя сродкі камунікацыі і карыстацца імі ў паўсядзённай рабоце. Так, некалі на ўроках настаўнік карыстаўся ўказальнай палачкай і картай, а сёння ён можа арганізаваць на ўроку інтэрактыўны паказ з лазернай указкай, можа арганізаваць анлайн-экскурсію або відэаўрок. Таксама важна ісці ў ногу з часам, асвойваць перадавыя тэхналогіі. Тады можна гаварыць з дзецьмі на зразумелыя і цікавыя ім тэмы. З дапамогай сучасных сродкаў камунікацыі нашмат прасцей і лягчэй арганізаваць правядзенне розных конкурсаў, тэматычных святаў (дзень маці, дзень школы і г.д), распрацаваць розныя формы заахвочвання (граматы, дыпломы). Дзецям можна даручыць распрацаваць і зняць відэафільм, дзе яны асвояць ролі рэжысёра, аператара, вядучага. Усё гэта дазваляе трымаць калектыў у тонусе.
У школе быў праведзена класная гадзіна на тэму важнасці выхаваўчай ролі сродкаў масавай інфармацыі. Дзеці спрачаліся пра тое, што мае большы ўплыў: інтэрнэт, тэлебачанне, друкаваныя сродкі масавай інфармацыі. І амаль усе пагадзіліся, што сучасная моладзь у большасці знаходзіцца пад уплывам “сусветнай павуціны”. Бо сёння ніхто не ўяўляе сваё жыццё без гаджэтаў. На жаль, кнігі і газеты чытаюць значна менш. Менавіта таму гэты фактар трэба ўлічваць у выхаваўчай рабоце педагогам і бацькам, знаходзіць своечасовыя адказы на дэструктыўныя выпады ў інтэрнэце.
Сродкі масавай інфармацыі і камунікацыі маюць вельмі важнае значэнне ў выхаванні чалавека. Таму нельга недаацэньваць іх ролю, неабходна правільна выкарыстоўваць іх у паўсядзённым жыцці.
Дзіана Эдуардаўна БАРЫСЕВІЧ,
класны краўнік.
г. Навагрудак,
школа № 7, 5-ы клас «Б».