Найлепшы час для адпачынку

Из нашей почты Новости

Больш за ўсё пашанцавала дзецям, у якіх цяпер канікулы. Проста седзячы дома, можна і засумаваць ад аднастайнасці прабягаючых дзянькоў… Але самыя цікаўныя выбіраюць больш актыўны і карысны адпачынак. Менавіта для такіх дзяцей працуе наш дзіцячы аздараўленчы лагер «Малышок». Гэтым летам тут бавяць час выпускнікі першых, другіх і трэціх класаў, якіх чакае цікавае падарожжа.

Падарожжы падабаюцца ўсім без выключэння. Хтосьці аддасць перавагу паездкам за мяжу, бліжэй да мора, а хтосьці застанецца на Радзіме, каб даведацца больш пра родны куточак. Мы гэтым летам выбралі другі варыянт. Усіх нас чакае незабыўная вандроўка па нашай роднай краіне, часткова віртуальная, але з поўным эфектам прысутнасці. З гэтага выходзіць і назва лагернай змены – «Сцежкамі роднай Беларусі».

Ну што ж, час распачынаць падарожжа.

Першы дзень – падрыхтоўчы, дзень сустрэч. Мы раздзяліліся на атрады, размеркавалі ўсе атрадныя даручэнні, выбралі назвы і дэвізы. Першы атрад – «Вясёлка», другі – «Вясёлая сямейка».Дзеці самі выбіралі назвы, таму вельмі хутка іх вывучылі. Выхавацелі правялі гульні на з’яднанне дзіцячага калектыву. На працягу змены ў лагеры працуе гурток «Тэлестудыя: Мы ў эфіры» і студыя выяўленчага мастацтва «Творчасць».

Наступны дзень – Дзень Памяці. Шмат гадоў назад у гэты дзень, 22 чэрвеня пачалася вайна, таму была праведзена інфармацыйная хвілінка «Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны», дзеці паглядзелі фільм «Дзяўчынка шукае бацьку» у рамках акцыі «Глядзі і памятай». Прайшла экскурсія да Мемарыяльнага комплекса «Зорка». Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінулых на вайне. А далей выхаванцаў нашага лагера чакалі гульні на свежым паветры і цікавыя гурткі.

Чым далей – тым весялей. З наступнага, трэцяга дня, распачынаецца наша вандроўка па Беларусі. Урачыстая лінейка, прысвечаная старту гульні «Сцяжынкамі роднай Беларусі» (у рамках рэспубліканскага экскурсійнага марафона «Дзіцячы аўтацягнік») стала стартам для нас. І наша падарожжа, вядома, пачалося з Гродзенскай вобласці. На знаёмства з ёю ў нас было тры дні. Дарослыя ўспомнілі, а некаторыя дзеці даведаліся пра славутых спартсменаў Гродзенскай вобласці. Так як гэты дзень у нас спартыўны, то мы паўдзельнічалі ў эстафетах «Спартыўныя старты». На наступны дзень мы адправіліся на сапраўдную экскурсію ў Мірскі замак. Дзеці былі ў захапленні ад прыгажосці замкавага комплекса. І да канца дня хваліліся тым, што ўбычылі, зрабілі і атрымалі ў падарунак там. Далей нас чакаў марскі дзень, таму што 25 чэрвеня – гэта Міжнародны дзень марака. Мы даведаліся больш пра гэта свята і віртуальна пападарожнічалі на Аўгустоўскі канал і «Беларускія Мальдзівы».

Вось такая цудоўная вандроўка ў нас атрымалася па Гродзенскай вобласці. На пачатку змены на галоўным стэндзе ў нас з’явілася карта. Усімі намі вядомая карта Беларусі, але бязколерная…І што самае цікавае, пасля таго, як мы пазнаёміліся з першай часткай Беларусі, яна, карта, пачала набываць колеры. Гэта вельмі зацікавіла дзяцей.

Але мы, не марудзячы, адправіліся ў Віцебскую вобласць. Не ведаю, як вы, але мы: дарослыя і выхаванцы нашага лагера, любім чытаць. А калі і не чытаць, дык слухаць, як хтосьці чытае нейкія цікавыя гісторыі, а часам смяшынкі ці нейкія жахліўчыкі. У гэты дзень мы ўспомнілі нашых славутых дзеячаў: першадрукара Францыска Скарыну і выдатную асветніцу Ефрасінню Полацкую. Пагутарылі пра кнігі-юбіляры 2021 года. Дзеці адказалі на пытанні віктарыны па казках А. С. Пушкіна і К. Чукоўскага. А таксама паспрабавалі сябе ў ролі мастакоў і намалявалі малюнкі. На наступны дзень віртуальна наведалі Полацкі Сафійскі сабор, які з’яўляецца адным з цудаў Беларусі. На некалькі гадзін сталі архітэктарамі, прыдумалі і намалявалі горад будучага. Аўтары лепшых эскізаў атрымалі ўзнагароды. Не забылі і пра блакітную скарбніцу Беларусі – Браслаўскія азёры. Выдатна правялі час, гуляючы ў інтэлектуальную гульню «Што? Дзе? Калі?». Спартыўныя спаборніцтвы «Джунглі клічуць» сталі добрым завяршэннем падарожжа па Віцебскай вобласці.

Яшчэ адзін кавалак карты знайшоў свой колер. І мы рушылі далей. На тры дні мы паглыбіліся ў Мінскую вобласць. І пачалі мы з інфармацыйнай хвілінкі «Памятаць, каб не паўтарыць». Віртуальна павандравалі ў Хатынь і на Курган Славы. Актыўна паўдзельнічалі ў гульні «Зарніца». Успомнілі лепшыя для кожнага з нас куточкі роднай краіны і паспрабавалі перанесці гэтыя ўспаміны на паперу. Патрыятычны дзень пачаўся з таго, што мы паўтарылі афіцыйныя і не афіцыйныя сімвалы Беларусі. Усе ведаюць, што Мінск – гэта наша сталіца. А ці ведаеце вы што-небудзь цікавае пра  гэты горад? Калі хто з нас і не ведаў, то сёння дакладна адкрыў для сябе шмат цiкавага пра гэты горад пакуль змагаўся ў інтэлектуальным турніры «Што я ведаю пра Мінск». Весела і цікава прайшла музыкальная гадзіна «Вянок беларускіх песень». Ад наступнага дня былі ў захапленні не толькі хлопчыкі, але і дзяўчынкі. Аўтамабільны дзень прынёс з сабой віртуальную экскурсію на заводы МАЗ і БелАЗ, конкурс «Я – інжынер-канструктар» і спартыўныя спаборніцтвы «Гонкі на мышынках». Актыўна і весела паганялі на сваіх аўтамабілях усе дзеці, а дарослыя пабывалі ў ролі адданых заўзятараў.

Наша карта стала яшчэ прыгажэйшай. А выхаванцаў лагера чакаў дзень прысвечаны святу Купалле. На інфармацыйнай хвілінцы дзеці пагутарылі пра гісторыю і сучаснасць свята. Паўдзельнічалі ў гульнявой праграме «Пляцоўка добрага настрою» і паспявалі песні. Паспрабавалі прыдумаць і намаляваць Купальскі вянок, куды ж без яго ў такі дзень, хай сабе і папяровага. І мы заскочылі ў Магілёўскую вобласць. У гэтых мясцінах расце шмат агуркоў, таму і называюць іх агурковым краем, але гэта не адзіная асабліваць. Шмат творчых людзей выйшлі менавіта з Магілёўскай вобласці. Тут шмат незвычайных помнікаў, з якімі мы пазнаёміліся віртуальна. А потым паспрабавалі прыдумаць свае для Карэліцкага раёна. Самымі незвычайнымі сталі помнік Кукурузе і помнік Жоўтаму Снегавіку.

Новым колерам афарбаваўся яшчэ адзін кавалак карты. І мы рушылі ў Гомельскую вобласць. Тут нас чакала інфармацыйная хвілінка «Дзеці вайны» і віртуальны тур на Мемарыяльны комплекс на месцы дзіцячага канцлагера «Чырвоны бераг». Пагутарылі пра вайну і мір, паўдзельнічалі ў конкурсе малюнкаў «Мы за мірнае неба». Палескі дзень нам прынёс цікавы аповед пра запаведнікі Беларусі і гульнёвую праграму «Па слядах палескіх рабінзонаў». Не забылі мы і пра актыўны адпачынак. Спартыўныя эстафеты не далі нам засумаваць.

Адзін апошні кавалак карты застаўся нерасфарбаваным. І мы хутка адправіліся ў Брэсцкую вобласць. Віртуальна павандравалі па Белавежскай пушчы. Паглядзелі на гэту найпрыгажэйшую частку нашай краіны, даведаліся пра незвычайныя дрэвы, якія там растуць. Успомнілі і жывёл якія там жывуць. І, дарэчы, у гэтым годзе спаўняецца 95 гадоў кнізе А. Мілна «Вінні Пух», таму мы паўдзельнічалі ў гульні. «Поле Цудаў» на казачную тэму. Наступны дзень прынёс нам віртуальнае падарожжа ў Брэсцкую крэпасць, дзе мы прагуляліся  па вуліцах горада-героя і даведаліся больш пра гісторыю крэпасці. І паактыўнічаць мы, канешне, не забылі.

У выніку карта стала рознакаляровай, мы наведалі кожную вобласць і даведаліся штосьці цікавае. Пачыналі мы з Гродзенскай вобласці і так выйшла, што скончылі наша падарожжа таксама тут. У нас атрымалася «развіртуаліцца» і наведаць горад Навагрудак. Пагутарылі пра гісторыю горада і наведалі дом – музей Адама Міцкевіча. Дзеці былі задаволены вандроўкай.

Вось і падыйшла наша лагерная змена да свайго завяршэння. У апошні дзень, развітальны, прайшла святочная канцэртная праграма «Да пабачэння, лагер». Гурткі дапрацоўвалі свае гадзіны, а мы дагульвалі апошнія жвавыя гульні. Нават неяк сумна было. Але, успамінаючы заспаныя твары нашых дзяцей раніцай, якія потым пераўтвараліся ва ўсмешлівыя і задаволеныя, становіцца весялей. Зацікаўленыя вочы, нецярплівае чаканне ранішняй лінейкі, каб атрымаць свае ўзнагароды за конкурсы, купа пытанняў ад дапытлівых дзяцей, пясочныя буры і пырскі вады на пляжы, «яшчэ пару хвілінак», каб дагуляць цікавую гульню, а часам, і нежаданне пайці дадому…

Вось гэта i паказвае, што ў нас усё атрымалася, і адпачынак у лагеры прайшоў як і мае быць.

Алена Віктараўна БУЙ,

выхавацель.

г. п. Карэлічы, школа № 1,

 дзіцячы аздараўленчы лагер «Малышок».



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *