Адна з задач сучаснай школы – гэта правядзенне прафарыентацыйнай работы, накіраванай на аказанне дапамогі ў выбары прафесіі праз арганізацыю працэса вызначэння навучэнцам віда працоўнай дзейнасці, у якой ён хоча сябе праявіць.
У нашай школе надаецца вялікая ўвага прафарыентацыйнай рабоце, і на кожнай ступені яна мае свае асаблівасці. Для малодшых школьнікаў праводзяцца мерапрыемствы, якія накіраваны на фарміраванне каштоўнасных адносін да працы, разумення яе ролі ў жыцці чалавека і грамадства. Вучні сярэдніх класаў ужо не проста пашыраюць уяўленні аб свеце прафесій, а вучацца суадносіць свае інтарэсы і магчымасці. Работа ў сярэднім звяне накіравана на вызначэнне прафесійнага самапазнання, набыццё першапачатковага вопыту ў розных сферах сацыяльна-прафесійнай практыкі. Для вучняў старэйшай школы арганізуюцца групавыя і індывідуальныя прафкансультацыі з мэтай выяўлення і фарміравання адэкватнага прыняцця рашэння ў выбары профілю навучання.
Экскурсія – адна з форм прафарыентацыйнай работы, якая дазваляе бліжэй пазнаёміцца з людзьмі, занятымі ў пэўнай сферы дзейнасці, умовамі іх работы, атрымаць уяўленне аб нейкіх асаблівасцях розных відаў спецыяльнасцей. Нездарма існуе народная прыказка аб тым, што лепш адзін раз пабачыць, чым сто разоў пачуць.
Напрыканцы лістапада вучні 7–9-х класаў нашай установы адукацыі мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца з работай воінаў-ракетчыкаў. Нягледзячы на даволі пасмурны дзень, мы атрымалі масу яркіх і памятных уражанняў ад гэтай сустрэчы. Яшчэ па дарозе ў воінскую часць, звярнулі ўвагу на тое, што аўтобус увесь час плаўна падымаецца ўгору. Аказалася, што гэтаму ёсць тлумачэнне. Намеснік камандзіра часці Сяргей Юр’евіч Жураўлёў, які нас сустрэў і правёў экскурсію, растлумачыў, што месца, дзе размешчана воінская часць – гэта самая высокая ўзвышанасць у нашым раёне. Такая вышыня неабходна для работы спецтэхнікі. У час экскурсіі навучэнцы даведаліся аб тым, чаму воінаў-ракетчыкаў называюць «вачыма граніцы», якую спецыфіку мае іх служба. У рамках дазволенага пазнаёміліся са спецтэхнікай, работай радыёлакатараў, асаблівасцямі работы тых, хто іх абслугоўвае. Правялі нас таксама і ў гараж часці. Цікава было разгледзець машыны, у якіх кола мае вышыню не самага маленькага дзевяцікласніка. Аказацца за рулём такой машыны пажадалі не толькі хлопчыкі, але і дзяўчынкі.
Не меншую цікавасць вызвала знаёмства з бытам салдат. Нас правялі ў казарму, дзе было вельмі цёпла і ўтульна. Чысціня і парадак – гэта тое, што адразу заўважаеш. У спальным пакоі на тумбачцы салдаты прыдумалі падстаўкі, куды можна ўставіць галінкі хвоі ці елкі- і прыгожа, і паветра ачышчаецца. У пакоі для адпачынку ёсць тэлевізар, палічка з кнігамі, падшыўкі газет.
У гэтай частцы экскурсіі нас чакаў яшчэ адзін сюрпрыз. Капітан С. Ю. Жураўлёў са сваімі салдатамі прадэманстравалі сучасны АКМ-74 (аўтамат Калашнікава), яго разборку і зборку. Самыя смелыя змаглі паспрабаваць зрабіць тое, што так умела атрымліваецца ў прафесіяналаў. Сучасны процівагаз (не здымаючы можна вады папіць праз спецыяльную трубачку) і броніжылет, змаглі не толькі патрымаць у руках, але і адчуць іх на сабе.
Па заканчэнні экскурсіі вучні задалі пытанні, якія зацікавілі: месца, дзе можна атрымаць прафесію афіцэра-ракетчыка, як можна трапіць на кантрактную службу, у якія рэгіёны размяркоўваюць выпускнікоў Ваеннай акадэміі дадзенай спецыяльнасці. Акрамя сваіх змястоўных адказаў Сяргей Юр’евіч падзяліўся брашурамі і буклетамі, у якіх дадзена падрабязная інфармацыя аб тым, што неабходна зрабіць, каб стаць ракетчыкам. Пасля ён заўважыў, што, у першую чаргу, неабходна добра вучыцца, любіць фізіку і матэматыку, сябраваць з фізічнай культурай і спортам.
Экскурсія спадабалася. Магчыма, сёння нехта з нашых вучняў зрабіў яшчэ адзін крок да сваёй прафесійнай мары, а калі і не, то павага да людзей, якія з гонарам носяць вайсковую форму, думаю, у іх застанецца.
Ніна Мікалаеўна ТАРАНОВІЧ,
класны кіраўнік 10-га класа.
Свіслацкі район,
Ханявіцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа.