Настаўнік В. П. Марозаў

Из нашей почты Новости

Настаўнік і вайна… Які ж далёкія адзін ад аднаго гэтыя паняцці! Дзейнасць настаўніка – гэта сімвал жыцця, яго бесперапыннасці, яго вечнага руху наперад . Вайна – сімвал смерці, бяды, разбурэння.

Але здаралася ў гісторыі, калі настаўнік і вайна аказваліся тварам да твару. Настаўнікі ў баях паказвалі прыклад адвагі, мужнасці, воінскага майстэрства, знаходлівасці і кемлівасці. У самых складаных баявых абставінах настаўнік, які стаў салдатам, заставаўся педагогам, словам і справай натхняў байцоў на подзвігі, вучыў мастацтву перамагаць ворага.

Пра такога настаўніка, Васіля Пятровіча Марозава, падчас экскурсіі ў наш школьны народны гісторыка-краязнаўчы музей распавядала Рэгіна Станіславаўна Вялічка, кіраўнік музея. Настаўнік-франтавік пасля вайны быў дырэктарам Струбніцкай васьмігадовай школы, выкладаў гісторыю. Я жыву ў вёсцы Струбніца, школу даўно закрылі, але жыве памяць. Рэгіна Станславаўна вучылася ў гэтай школе, добра памятае Васіля Пятровіча, помніць яго мілагучную беларускую мову і бязмерную любоў да дзяцей, памятае ўрокі гісторыі. Настаўнік не любіў гаварыць аб сваім гераізме, быў простым, адкрытым чалавекам і распавядаў у асноўным пра подзвігі сваіх таварышаў.

Нарадзіўся Васіль Пятровіч у 1919 годзе ў вёсцы Садовая Сарпінскага раёна Валгаградскай вобласці. Закончыў сямігодку, а ў 1935 паступіў на рабфак Сталінградскага педагагічнага інстытута, які паспяхова скончыў у 1937 годзе. Далей была вучоба ў Сталінградскім настаўніцкім інстытуце. У 1939 годзе, пасля заканчэння вучобы, быў накіраваны настаўнікам гісторыі ў Грозненскую вобласць Чачэна-Інгушскай АССР. У лістападзе таго ж 1939 года быў прызваны ў рады Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі. Воінскі шлях Васіля Пятровіча працягваўся ад Сталінграда да Берліна. За баі пад Сталінградам Васіль Пятровіч быў узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені. Ваяваў на Паўднёва-Заходнім, Сталінградскім, затым на першым Беларускім франтах. За бой пад Кёнігсбергам узнагароджаны другім ордэнам Вялікай Айчыннай вайны. Потым была бітва за вызваленне Прагі, дзе і закончыў малады палітрук сваю вайну. Баявыя заслугі Васіля Пятровіча Марозава адзначаны медалямі: «За абарону Сталінграда», «За абарону Кіева”», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За ўзяцце Берліна», «За ўзяцце Прагі», «За Перамогу над Германіяй».

Пасля заканчэння вайны лёс звязаў Васіля Пятровіча з Беларуссю.  Працаваў дырэктарам дзіцячага дома ў Ражанцы, Пагодзічах, Правых Мастах. З 1959 года і да выхаду на пенсію Васіль Пятровіч быў дырэктарам Струбніцкай васьмігадовай школы. За поспехі ў навучанні і выхаванні дзяцей быў узнагароджаны многімі Ганаровымі граматамі. Ён – выдатнік народнай асветы БССР, выдатнік народнай асветы СССР, дэлегат VI з’езду настаўнікаў Беларусі. Пасля выхаду на пенсію Васіль Пятровіч доўгі час працягваў падтрымліваць сувязь са школай, выступаў перад вучнямі на ўрачыстых святах і лінейках.

Павел ЧАРНІЦКІ.

Мастоўскі раён,

Пескаўскі дзіцячы сад–сярэдняя школа, 9-ы клас.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *