Касмічны заяц у Луўры

Из нашей почты Калейдоскоп Новости

 

 

 

Творы юных мастакоў з узорнай студыі выяўленчага мастацтва «Шар» Палаца культуры Магілёўскай вобласці можна пабачыць на выставе ў парыжскім музеі Луўра, які штогод наведваюць больш за 10 мільёнаў чалавек з розных краін свету. У сталіцы Францыі праходзіць міжнародная выстава «Адзін свет – адна будучыня».

Выстава мае вялікі поспех, арганізавалі яе Сусветная харчовая праграма ААН і Кітайская еўрапейская элітная біржа. Гэта амаль тысяча работ дзяцей і моладзі з болей чым трох дзясяткаў краінаў, уключна і з Беларусі.

Малюнкі юных мастакоў прысвечаны свету, у якім яны жывуць. Гэта шчырыя работы: настаўніца, бацькі, жывёлы: ад тыгра і да неверагоднага касмічнага зайца, і шмат чаго іншага. Як напісала прэса: «Выстава ў музеі Луўра стала ўвасабленнем мастацтва дзяцей усяго свету і дадала фарбаў і цяпла гэтай халоднай зіме».

Студыя выяўленчага мастацтва «Шар» працуе ў магілёўскім Палацы культуры вобласці больш за 20 гадоў, у ёй займаюцца больш за паўсотні дзяцей. Сярод іх ёсць сапраўдныя зоркі дзіцячай мастацкай творчасці, адна з іх – вучаніца сёмага класа магілёўскай гімназіі №3 Любава Браўкова, малюнкі якой прадстаўлены на парыжскай выставе.

Удзел у такой выставе – прэстыжная справа. Малюнкі некаторых мастакоў будуць прададзены дзеля дабрачыннасці. Выстава «Адзін свет – адна будучыня» паспрыяе міжнароднаму супрацоўніцтву ў вобласці мастацкай адукацыі. А дзеці – гэта надзея на будучае развіццё свету і чалавечай супольнасці.

Віншуем Любаву і яе кіраўніка Наталлю Міхайлаўну Талантаву з выхадам на высокі міжнародны ўзровень і жадаем далейшых творчых поспехаў!

Святлана Вячаславаўна ЦЫХОЎСКАЯ,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры.

г. Магілёў, гімназія № 3.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *