У зімовы час кожны чалавек марыць аб тым, каб зберагчы сваё здароўе. Як жа быць здаровым? Што павінен зрабіць кожны чалавек, каб захаваць самае каштоўнае ў сваім жыцці? Менавіта на гэтыя пытанні адшукалі адказы вучні 9-га класа «Б» лідскай школы № 11 і зараз хочуць падзяліцца сваімі парадамі здаровага ладу жыцця з усімі, хто жадае захаваць фізічную моц і бадзёрасць духа.
Па-першае, гэта правільны рэжым дня, што з’яўляецца залогам фізічнага і душэўнага здароўя чалавека.
Па-другое, безумоўна, гэта сістэматычнае наведванне ўрокаў фізічнай культуры і здароўя, спартыўных секцый. Яскравым прыкладам для вучняў установы адукацыі з’яўляецца ўласна ўзровень фізічнай падрыхтоўкі настаўніка. Эдуард Іосіфавіч Покуць не проста здзіўляе і вучняў, і настаўнікаў магчымасцямі выканання нарматываў фізічнай падрыхтоўкі, а штодзень нагадвае сваім прыкладам наколькі чалавек павінен сам клапаціцца аб сваім здароўі. Зараз зіма і самы час, калі школьнікі маюць добрую магчымасць паспрабаваць сябе ў зімніх відах спорту, а менавіта пахадзіць на лыжах. Хлопцы і дзяўчаты карыстаюцца гэтым. Разам з імі на адной лыжне і іх настаўнік. А яшчэ, падчас правядзенне зімняй Алімпіяды-2022 прыемна асэнсоўваць, гледзячы на вучняў, што кожны з іх гэтым самым уносіць пэўны ўклад у падняцце спартыўнага духу нашай алімпійскай каманды.
Па-трэцяе, гэта правільнае гарачае харчаванне. Вучням школы тут можа пазайздросціць кожны. Штодзень кожны мае магчымасць выбраць комплекс на свой густ. Ды і стравы прыгатаваныя для дзяцей кожны дзень розныя: ад філе і катлет да беларускіх дранікаў і запяканкі, а яшчэ і разнастайныя вітамінныя салаты ды напоі.
Акрамя гэтых парад вучні вызначылі і такія, як захаванне асабістай гігіены, адмова ад шкодных звычак і, увогуле, актыўны лад жыцця. Школьнікі ўпэўнены, што менавіта дзякуючы гэтым парадам яны ўвесь час застаюцца актыўнымі, вясёлымі і здаровымі.
Наталля Мікалаеўна АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 9-га класа «Б».
г. Ліда, школа № 11.