Люблю цябе, зямлі бацькоўскай слова!

Из нашей почты Новости

Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы стала традыцыйным мерапрыемствам для нашай школы, важным святам для дзяцей і педагогаў. І гэта не выпадкова. Кожны народ – гэта непаўторная культура, гісторыя, традыцыі, лад жыцця. І, вядома ж, мова. Без мовы не існаваў бы свет. Як рыба не можа жыць без вады, так чалавек не можа існаваць без мовы. На мове мы думаем, маем зносіны, займаемся творчасцю. У розных краінах свету людзі сёння размаўляюць на 6000 мовах. А ці заўсёды было так?

Вы ніколі не задаваліся пытаннем, чаму людзі не разумеюць адзін аднаго і наогул гавораць на розных мовах? А на гэты конт існуе легенда. Можа яна і здасца трошкі казачнай, але раптам у яе ёсць крупінка праўды, хто ведае…

Пасля Сусветнага патопу чалавецтва было прадстаўлена адным народам, які гаварыў на адной мове. Паступова род павялічваўся, здабываў новыя веды і ўменні. І задумалі людзі пабудаваць горад, а ў ім высокую вежу да самых нябёсаў, якую можна было ўбачыць з любога канца зямлі.

Бог даведаўся пра гэта і здзівіўся, убачыўшы велізарную вежу, якая цягнулася да неба. Не спадабалася гэтая задума Богу. Іх намер ён палічыў ганарыстасцю і раззлаваўся – зрабіў так, што людзі пачалі гаварыць на абсалютна розных мовах, перасталі зусім адзін аднаго разумець. Так вежа і горад засталіся недабудаванымі, а пакараныя нашчадкі Ноя сталі рассяляцца па розных землях, пры гэтым утвараючы розныя народы. Недабудаваны горад назвалі Вавілонам, што, па сцвярджэнні Бібліі, азначае «змешванне»: у тым месцы Гасподзь змяшаў мовы ўсяго свету, і з таго месца ён рассеяў людзей па ўсёй зямлі.

Такім чынам, гісторыя пра Вавілонскую вежу тлумачыць з’яўленне розных моў.

Кожны год бібліятэчны цэнтр нашай школы ў Міжнародны дзень роднай мовы прапаноўвае цікавыя і займальныя мерапрыемствы. Выключэннем не стаў і гэты год.

«Люблю цябе, зямлі бацькоўскай слова!» – менавіта пад такім дэвізам пачаўся Дзень роднай мовы. Бібліятэка запрасіла сваіх чытачоў на цікавыя мерапрыемствы, каб яшчэ раз засяродзіць увагу нас, беларусаў, на сваім родным слове. Пачалося ўсё з прапановы прыняць удзел у акцыі «Размаўляем на роднай мове», якую ўсе з задавальненнем падтрымалі. У гэтым годзе нам асабліва хацелася распавесці аб юбілейных датах нашых знакамітых пісьменнікаў Максіма Багдановіча, Георгія Марчука, Алеся Звонака, Міхася Стральцова, Алеся Гаруна і вядома, расказаць пра кнігі юбіляраў. Падрабязней з гэтай інфармацыяй можна азнаёміцца на сайце школы.

Наша родная мова багата прыказкамі. А што такое прыказка? З якой мэтай мы яе выкарыстоўваем у маўленні? Якія адпаведнікі беларускім прыказкам ёсць у рускай мове? Атрымаць адказы на гэтыя і іншыя пытанні, а таксама папоўніць свой слоўнікавы запас наведвальнікі бібліятэкі змаглі падчас займальнай гульні.

На працягу ўсяго тыдня настаўнікі і вучні з цікавасцю прымалі ўдзел у моўных гульнях і конкурсах. Асабліва зацікавілі наведвальнікаў інтэлектуальна-пазнавальныя гульні «Цікавыя словы на роднай мове» і «Перакладчык». Хоць словы былі дастаткова складаныя, але і настаўнікі, і вучні справіліся. Больш за ўсё наведвальнікаў прываблівала прапанова зрабіць «Сэлфі па-беларуску».

Беларуская мова – гэта наша родная мова, сакавітая, меладычная і пяшчотная. Нашай мэтай было заахвоціць чытачоў размаўляць на беларускай мове. Каб быць годным грамадзянінам сваёй краіны, трэба захоўваць яе культуру і традыцыі, дасканала валодаць родным словам. Упэўнены, што мерапрыемствы, якія мы прапанавалі ў нашым бібліятэчным цэнтры, нікога не пакінулі абыякавымі, і мы змаглі данесці да кожнага, што “зямлі бацькоўскай слова” трэба ведаць і шанаваць!

Таццяна Уладзіміраўна МОСКАЛЬ,

загадчык ІБЦ.

г. Масты, школа № 2.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *