Сёлета на Дзятлаўшчыне стартаваў праект «Музейны рэтрыт_Турызм без чамадана». Падчас рэалізацыі праекта вучні 7–9-х класаў Хвінявіцкага дзіцячага сада–сярэдняй школы пабывалі на экскурсіі па маршруце «аграгарадок Хвінявічы–аграгарадок Дварэц–аграгарадок Хвінявічы».
Маршрут быў выбраны невыпадкова, бо нас цікавіць культурна-гістарычная спадчына і традыцыі нашых землякоў. Размешчаны населены пункт у прыгожым месцы, поўным загадак і таямніц для сучаснага чалавека.
Бачачы населены пункт, цяжка паверыць у тое, што ўпершыню Дварэц згадваецца ў XV стагоддзі. Таксама з гісторыі вядома, што на пачатку ХІХ стагоддзя Дварэц і аж да паўстання 1831 года быў сапраўдным шляхецкім мястэчкам. Пасля паўстання населены пункт цалкам спалілі, мясцовая шляхта была саслана ў Сібір, а мястэчка і землі ад шляхецкага роду Завішаў расійскія царскія ўлады перадалі шляхціцам роду Пратасевічаў.
Час не стаіць на месцы, пастаянна прыходзяць на гэты свет і адыходзяць у свет іншы людзі. Застаецца толькі памяць аб іх справах у помніках архітэктуры і культуры. Прадстаўнікі роду Пратасевічаў таксама пакінулі пасля сябе значны след у развіцці і станаўленні Дварца.
Экскурсавод С. В. Каско, загадчык школьнага музея, пазнаёміў хлопчыкаў і дзяўчынак з мясцовымі славутасцямі. Вучні выказалі словы пашаны і смутку каля мемарыльнай дошкі, прысвечанай выпускніку Дварэцкай сярэдняй школы, воіну-інтэрнацыяналісту Дзмітрыю Уладзіміравічу Лазовіку, які быў пасмяротна ўзнагароджаны Ордэнам Чырвонай Зоркі.
Усе з цікавасцю назіралі за вадзяным млынам (дарэчы, на Гродзеншчыне былі два такія млыны), які быў пабудаваны ў канцы ХІХ пачатку ХХ стагоддзяў. Для ўмацавання берагоў каля млына колісь былі высаджаны італьянскія таполі, частка якіх захавалася да нашых дзён. Не менш цікавымі былі для дзяцей праваслаўны і каталіцкі храмы – касцёл Святога Антонія Падуанскага і царква Покрыва Прасвятой Багародзіцы.
Замірае сэрца ад велічы і прыгажосці! Здаецца вясенні ветрык даносіць галасы нашых продкаў з далёкага мінулага, якія даюць нам наказ – берагчы і памнажаць спадчыну зямлі беларускай, цаніць кожнае імгненне, якое падараваў нам лёс. Колькі яшчэ нязведанага схавана ад нашых вачэй, але не трэба спыняцца, варта рухацца толькі наперад!
Таццяна Віктараўна ЖЫНКО,
настаўнік беларускай мовы.
Дзятлаўскі раён,
Хвінявіцкі дзіцячы сад–сярэдняя школа.