У рамках Года гістарычнай памяці вучні школы № 5 г. Ліды наведалі філіял Лідскага гісторыка-мастацкага музея «Дом Валянціна Таўлая».
Пяцікласнікаў даўно цікавіў гэты невялічкі будынак, побач з усім вядомым Лідскім замкам. Шчыра кажучы, яны амаль нічога не ведалі і пра самаго паэта, які ў ім жыў.
І вось красавіцкім сонечным днём школьнікі, поўныя жадання спазнаць нешта новае, пераступілі парог дома-музея. Атмасфера мінулага паглынула іх адразу і цалкам. Даведаліся, што Валянцін Таўлай жыў тут з 1939 да 1941 года, што быў ён не толькі паэтам, але і актыўным удзельнікам рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, і нават супрацоўнікам лідскай газеты «Уперад».
Але найбольш уражанняў у дзяцей выклікаў той факт, што Янка Купала ў сакавіку 1940 года быў у Лідзе, абедаў з Валянцінам Таўлаем, хадзіў па вуліцы Сувальскай, якая цяпер называецца Савецкай і па якой хвілін некалькі таму прыйшлі ў музей яны.
Бурныя абмеркаванні ў юных наведвальнікаў выклікаў падарунак, які зрабіў Валянцін Таўлай ад імя рабочых лідскай гумавай фабрыкі «Ардаль» Янку Купалу. Галёшы!
Для пяціікласнікаў гэта было яшчэ адно адкрыццё! Яны не ведалі, што некалі, каб не прамачыць ногі, людзі на абутак надзявалі гумавыя накладкі (галёшы). А сакавік 1940 года быў вельмі слотны, мокры. Вось чаму такі падарунак атрымаў у Лідзе народны паэт Беларусі.
Гэта і шмат іншага даведаліся школьнікі ў доме-музеі Валянціна Таўлая. І ўжо па дарозе дадому абмяркоўвалі, якія вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа прачытаюць з нагоды святкавання ў гэтым годзе 140-годдзя з дня нараджэння вялікіх беларускіх песняроў.
Валянціна Іванаўна ГАГАЛУШКА,
класны кіраўнік 5-га класа «Б».
г. Ліда, школа № 5.