Успаміны аб ваенным жыцці

Год исторической памяти Из нашей почты Новости

«Помню, як матуля расказвала пра вайну. Я яшчэ малая была, як фашысты прыходзілі…» – гаворыць Ганна Іванаўна Шклянік. Гэта мая прабабуля. Нарадзілася яна ў 1940 годзе. У час вайны сям’я жыла на хутары каля вёскі Зубелевічы.

Мы ўсёй сям’ёй сядзім за сталом і слухаем аповед. Тут і дзядуля Васіль з бабуляй Людмілай, і  мама з маім малодшым братам Славікам. Мы часта прыязджаем да бабулі Ганны (так мы яе называем), каб дапамагчы па гаспадарцы, падрамантаваць што-небудзь, прывязці прадукты або проста наведаць. Сёння яна жыве ў самой вёсцы Зубелевічы. У яе хаце заўсёды ўтульна: на сценах вісяць вышываныя карціны, ложкі засланы даматканымі посцілкамі, пахне смачнай ежай. Бабуля Ганна часта ўспамінае сваё жыццё, бо было яно цяжкае, трывожнае.

“Матуля расказвала, як у вёсцы з’явіліся немцы. Ехалі на сваіх вялікіх матацыклах пасярод дарогі, важныя і спакойныя. Бабы павыбягалі з хат, каб палавіць дзяцей на надворках. Тулілі іх да сябе і глядзелі, як па вёсцы едуць машыны з чужымі людзьмі.

Потым у кожнай сям’і з’явілася свая зямлянка ў полі. Калі дом спаляць, можна было схавацца. Восенню 1942 года ў нашай вёсцы пачалі страляць фашысты. Недалёка яны будавалі чыгунку. Дык наш хутар быў каля гэтага месца. Мы ледзь паспелі дабегчы да зямлянкі. У ёй быў самаробны ложак, на якім спалі ўсе разам. Калі сціхала страляніна, вярталіся ў хату. Так і пражылі ўвесь 1943 год: я, бацькі і чатыры сястры.

У адзін дзень да нас прыехалі чатыры падводы. У іх былі нашы салдаты, а мо, партызаны. Яны прывязлі жоўтую крупу, хацелі, каб мама зварыла яе. Але не паспела яна прыгатаваць кашу, як здалёк пачуліся выстралы. Усе салдаты паехалі. А мама не давала нам есці гэтую кашу. Усё думала, што салдаты вернуцца.

Канешне, бабуля Ганна не расказвае пра ваенныя стратэгіі, кровапралітныя баі. Яна расказвае пра тое, як звычайныя людзі выжывалі пад кулямі, кармілі сваіх дзяцей чым прыйдзецца, хаваліся ў зямлянках і лясах. А яшчэ стараліся дапамагчы тым, хто абараняў іх ад ворагаў. Гэта іх подзвіг, подзвіг мірных жыхароў нашай краіны. Я думаю, нам нельга забываць і гэтую старонку вайны разам з памяццю пра герояў-вызваліцеляў.

Бабуля Ганна часта паўтарае словы, якіх раней я не разумеў, а цяпер пачынаю разумець: “Сёння маладыя выраслі ў міры і згодзе. Хай жа не ведаюць яны той бяды, якую перанеслі людзі таго страшнага часу.”

Алег ТАЎПЕКА,

вучань 5-га класа, карэспандэнт школьнай газеты “Новы погляд”

Максим КСЕНЖИК,

ученик 10-го класса.

Ляхавіцкі раён, Начаўская школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *