За ўсю гісторыю чалавецтва кніга – гэта, мабыць, адно з найлепшых вынаходніцтваў. Усё мае сваю каштоўнасць. Але кніга – гэта тое, што ўздзейнічае на чалавека, на яго погляды, перакананні, светапогляд.
«Ёсць злачынства горшае, чым спальваць кнігі. Напрыклад, не чытаць іх». Так сказаў сусветна вядомы пісьменнік-фантаст Рэй Брэдберы. І, сапраўды, кніга жыве з чалавекам, калі ён гэтага хоча. Так, у цяперашні час мы чытаем менш. Мы, сённяшнія людзі, больш гартаем старонкі сацыяльных сетак, розных інтэрнэт-выданняў, сядзім там болей, чым у кнігах. Але гэта не значыць, што кніга страціла сваю каштоўнасць.
Што такое кніга? Калі сказаць проста – папяровае выданне. Але, калі глядзець больш уважліва, удумліва, то гэта не так. У кнізе закладзены не толькі думкі аўтара, яго погляд на жыццё, але і нейкія дзеянні галоўных герояў, тое, што яны пражываюць дзень за днём. Чытаючы кнігу, мы міжволі трапляем у той час, тую эпоху. Мы жывём тым часам, добрым ці не, але мы трапляем туды, мы мусім ісці за героямі, за аўтарам, думаць, як бы мы зрабілі штосьці на іх месцы. І вось гэтае суперажыванне, судзеянне, магчымасць зазірнуць у той час – ці не галоўнае дасягненне кнігі? Мы павінны самі адказаць на чыім баку – дабра ці зла.
За ўсе гады свайго існавання чалавецтвам напісана мноства кніг. Асноўная большасць з іх мае пад сабой нейкую аснову, мараль. У школе нам задаюць прачытаць тую ці іншую кнігу. І не проста так. Тое, што мы чытаем, яно так ці інакш уздзейнічае на нас, вучыць нас чамусьці. Любы прыклад, станоўчы ці адмоўны, ён закладвае ў нас пэўныя стэрэатыпы, пэўныя погляды. На гэтых творах мы вучымся кахаць, жыць, працаваць.
У любыя часы кнігу называлі лепшым сябрам чалавека. Чытаючы добрую кнігу, мы выхоўваем у сабе чалавека. Таму хочацца ўсім пажадаць чытаць добрыя кнігі, каб заставацца чалавекам.
Вікторыя ГАМАНОВІЧ,
вучаніца 7-га класа «Б».
г. Навагрудак, школа № 7.