Традыцыйнае навагодняе свята «Алімпійская Ёлка» прайшло на пляцоўцы «Falcon Club Arena».
Яркае прадстаўленне аб’яднала больш чым 500 хлопчыкаў і дзяўчынак. Гэта дзеці і ўнукі чэмпіёнаў і прызёраў Алімпійскіх гульняў, ветэранаў спорту, прадстаўнікоў спартыўных і іншых арганізацый з усіх рэгіёнаў Беларусі. Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь штогод удзельнічае ў дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» і запрасіў на свята дзяцей з шасці гарадоў краіны, у якіх у 2022 годзе прайшоў культурна-спартыўны фестываль «Вытокі. Крок да Алімпу». Стаць удзельнікамі мерапрыемства пашчасціла і вучням спецшколы-інтэрната г. Навагрудка.
– На свята прыйшлі самыя ініцыятыўныя, спартыўныя, добрыя і адказныя хлопчыкі і дзяўчынкі. І сёння ўпершыню мерапрыемства паўстане перад вамі ў новым фармаце, – адзначыў прэзідэнт НАК Беларусі Віктар Аляксандравіч Лукашэнка падчас афіцыйнай цырымоніі адкрыцця «Алімпійскай Ёлкі». – Дарагія дзеці! Што такое Новы год? Гэта свята будучыні, свята, перш за ўсё, тых людзей, якія вераць у яго. Менавіта напярэдадні гэтага магічнага часу і хочацца верыць у светлую будучыню нашага алімпійскага руху. Пад Новы год мы заўсёды жадаем адзін аднаму шчасця. А шчасце для дарослых – калі вы вясёлыя, усміхаецеся, калі вы здаровыя і вашы вочы свецяцца. Больш размаўляйце са сваімі бацькамі, а вы, паважаныя бацькі, выкарыстоўвайце гэты час для таго, каб лепш пазнаць сваіх дзетак. Жадаю ўсім вам моцнага здароўя, дабрабыту, міру і дабра!
Новы год – гэта час казкі, цудаў, чараўніцтва і, вядома ж, падарункаў. Віктар Аляксандравіч уручыў сертыфікаты для набыцця спартыўнага інвентару дзецям з розных устаноў Беларусі, у тым ліку і юным навагрудчанам.
– Так прыемна было атрымаць ваш падарунак. І дзякуй ад душы мы сардэчна скажам вам. У падзяку пажадаем сіл, здароўя, дабрыні, каб удача і поспех былі вечна там, дзе вы! – падзякавалі прэзідэнту НАК вучні 5-га класа «А» спецшколы-інтэрната г.Навагрудка Канстанцін і Максім Лазовікі.
На свята сёлета прыйшлі многія чэмпіёны Гульняў, вядомыя спартсмены, трэнеры. Артур і Марына Літвінчук, Анастасія Мірончык-Іванова, Аляксандр і Андрэй Багдановічы, Антаніна Кошаль, Мікалай Алёхін, Андрэй Арамнаў, Іван Ціхан, Ала Цупер, Ксенія Санковіч, Вадзім Стральцоў, Наталля Цылінская, Любоў Чаркашына, Джавід Гамзатаў і многія іншыя знакамітыя мамы, таты, бабулі і дзядулі, якія прынеслі роднай Беларусі нямала славы і медалёў, з велізарным задавальненнем акунуліся ў чароўную казку разам з дзецьмі.
Удзельнікі ўрачыстасці адправіліся ў займальныя «Навагоднія прыгоды на фабрыцы Дзеда Мароза» (рэжысёр Дарыя Скурко). НАК Беларусі прапанаваў новы сучасны, інтэрактыўны фармат свята: дзеці і дарослыя трапілі ў свет прыгод з гульнямі, квэстамі, танцамі, навагоднімі карагодамі.
Прысутныя пазнаёміліся з абноўленым талісманам алімпійскай каманды Беларусі – Буслікам. Дзецям таксама паказалі мультыплікацыйны фільм пра гэтага героя, які таксама прыняў удзел у прадстаўленні і разам з іншымі персанажамі дапамагаў выратаваць Новы год.
На працягу ўсяго мерапрыемства працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі, дзяцей забаўлялі роставыя талісманы спартыўных клубаў: «Дынамоша», «Цмок» і валейбольны «Волік».
Пасля заканчэння свята ўсе юныя аматары спорту атрымалі ад НАК Беларусі салодкія падарункі, плюшавыя талісманы – Бусліка, а таксама новы нумар алімпійскага часопіса «TEAM BY», які выйшаў у гэты дзень.
Яркае і запамінальнае свята, мы ўпэўнены, яшчэ доўга будзе саграваць сваім цяплом усіх сваіх гасцей.
– Я люблю спорт, асабліва футбол. Пра тое, што стану ўдзельнікам «Алімпійскай Ёлкі» і змагу сустрэцца з алімпійскімі чэмпіёнамі толькі марыў, – падзяліўся вучань 2-га класа «А» Мікіта Волкаў. – Тут вельмі цікава! Дзякуй Нацыянальнаму алімпійскаму камітэту за тое, што падарыў мне гэтае свята!
Таццяна Віктараўна САЗАНОВІЧ,
выхавальнік.
г. Навагрудак, спецшкола-інтэрнат.