Адной з галоўных задач выхавання, абазначаных у Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі і Канцэпцыі бесперапыннага выхавання дзяцей і вучнёўскай моладзі ў Рэспубліцы Беларусь, з’яўляецца фарміраванне грамадзянскасці, патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці на аснове дзяржаўнай ідэалогіі.
З мэтай фарміравання патрыятызму выхаванцаў у спецыяльнай школе-інтэрнаце г.Навагрудка з 2005 года працуе ваенна-патрыятычны клуб «Патрыёт». Сваёй дзейнасцю клуб аб’ядноўвае вучняў ва ўзросце ад 10 да 17 гадоў, педагогаў, бацькоў. Структура ўключае Савет клуба і наступныя каманды: «Творцы», «Інфарматары-прапагандысты», «Даследчыкі», «Мастакі-афарміцелі», «Экскурсаводы», «Навуковыя кансультанты», «Валанцёры», «Працоўны актыў», «Пошукавая каманда».
Мэта ваенна-патрыятычнага клуба – выхаванне любові да сваёй Радзімы, павагі да беларускіх нацыянальных і культурных традыцый, арганізацыя працы па ўшанаванню памяці абаронцаў Айчыны, прыцягненне вучняў і педагогаў да дзейнасці па павышэнню асабістых ведаў, самарэалізацыі і ўдасканаленню ў вобласці патрыятычнага, ваеннага і прававога выхавання, зацікаўленне валанцёрскай дзейнасцю.
Адным з накірункаў працы клуба «Патрыёт» з’яўляецца валанцёрства. Зацікаўленне валанцёрствам дзяцей школьнага ўзросту садзейнічае фарміраванню ў іх каштоўнасцей сацыяльнага служэння, выхаванню сацыяльна адказнай асобы на аснове духоўна-маральных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Такая дабрачынная дзейнасць з’яўляецца важным рэсурсам для рэалізацыі праграмы выхавання і сацыялізацыі вучняў.
Члены ваенна-патрыятычнага клуба «Патрыёт» падтрымліваюць сувязь з адзінокімі людзьмі, ветэранамі педагагічнай працы, жыхарамі «Аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў», ладзяць канцэрты, аказваюць дапамогу па гаспадарцы.
Нядаўна члены клуба «Патрыёт» і валанцёрскага атраду ПА БРСМ «Дом добрых спраў» наведалі ветэрана педагагічнай працы Аляксандру Міхайлаўну Дзенісевіч, павіншавалі яе з цудоўным святам – 85-годдзем, пажадалі ёй у здароўя і выказалі вялікую падзяку за той час, калі яна працавала ў нашай установе адукацыі выхавацелем. Гэты чалавек – сапраўды майстар сваёй справы. У памяці сваіх выхаванцаў яна засталася выхавацелем з вялікай літары, мілым, добрым, часам строгім і патрабавальным, чалавекам, заўсёды гатовым прыйсці на дапамогу. Ветэран педагагічнай працы падзялілася з выхаванцамі сваімі ўспамінамі. Яна адзначыла, што праца выхавацеля, выкладчыка ніколі не была лёгкай. Гэтая праца патрабуе вялікага багажу ведаў і ўменняў, лепшых чалавечых якасцяў, і, што немалаважна, творчага падыходу. Хлопцы и дзяўчаты аказалі Аляксандры Міхайлаўне дапамогу па гаспадарцы і уборцы прыдамавой тэрыторыі Падтрымка сталых людзей – гэта сістэматычная праца актывістаў. Выхаванцы Навагрудскай спецшколы-інтэрната добра ведаюць, што быць патрыётам – гэта не толькі любіць, а і дапамагаць адзінокім, хворым, сталым яе жыхарам.
Вольга Уладзіміраўна РАДЧАНКА,
настаўнік гісторыі,
кіраўнік ваенна-патрыятычнага клуба «Патрыёт»,
г. Навагрудак, спецшкола-інтэрнат.