Дарога даўжынёй у 70 год

Из нашей почты Новости

Кажуць, узрост чалавека вызначаецца не гадамі, якія падсумоўвае бязлітасны пашпарт, а станам душы і ўнутраным самаадчуваннем. Што тады, як не атмасфера бесклапотнага дзяцінства і пранізанага пачуццямі юнацтва, сведчыць аб узросце школы?!

Наша родная Шчорсаўская школа – адна са старэйшых на Навагрудчыне. Сёлетняй восенню яна адзначыць сваё 250-годдзе, бо бярэ пачатак з далёкага 1773-га, калі граф Яўхім Літавор Храптовіч, тагачасны  камісар дэпартамента Віленскай акадэміі і школ ВКЛ, засноўвае тут школу для сялянскіх дзяцей.  

На днях у школе настаўнікі і вучні – сённяшнія і былыя – сабраліся разам, каб адсвяткаваць 70-годдзе не менш важнай падзеі: у маі 1953 года Шчорсаўская школа зрабіла першы выпуск як сярэдняя школа.

За сем дзесяцігоддзяў ў яе сценах сярэднюю адукацыю атрымалі 1880 чалавек. Школа выпусціла 113 выдатнікаў, у тым ліку 77 медалістаў: 45 з якіх скончылі яе з залатым медалём і 32 – з сярэбраным.  Дваццаць тры выпускнікі Шчорсаўскай школы выбралі прафесію педагога, трое з іх працавалі тут ў свой час, пяцёра і сёння настаўнічаюць у роднай школе.

І дзень і ноч ля нашай школы
Бягуць,шыпяць машынаў колы,
Лягла ва ўсе бакі дарога
Ад школы Шчорсаўскай дарога.
Адна дарога – ў сто дарог,
Каб кожны выбраць сваю змог.
І ўжо, чуваць, далёка ў свеце
Жывуць са Шчорсаў нашы дзеці.
Яны – вучоныя,студэнты,
Працаўнікі, інтэлігенты.
Наогул, кім бы ні былі,
Усе шчыруюць на Зямлі.
Усіх у людзі вядзе школа
І асвятляе шлях наўкола.

– пісаў Янка Паддубіцкі, паэт і педагог, які два дзесяцігоддзі ўзначальваў Шчорсаўскую школу.

Сярод выпускнікоў, якімі ганарыцца школа, – заслужаны дзеяч навукі, галоўны нейрахірург Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар медыцынскіх навук, прафесар Фёдар Васільевіч Аляшкевіч (1936 – 2008гг.), беларускі філосаф і палітолаг, грамадскі дзеяч, прафесар паліталогіі, старшыня Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання абароны правоў чалавека Іван Іванавіч Катляр (1941г.), беларускі літаратуразнавец, тэатразнавец, педагог, прафесар  Андрэй Андрэевіч Каляда (1940 – 2022гг.), кавалер ордэна Чырвонай Зоркі, воін-інтэрнацыяналіст, старшы лейтэнант медыцынскай службы Анатолій Міхайлавіч Саліхаў (1955г.) і многія іншыя.

Дарэчы, Іван Іванавіч Катляр завітаў на юбілей роднай школы. У пранікнёнай размове з сённяшнімі вучнямі, педагогамі, былымі выпускнікамі і працаўнікамі Шчорсаўскай сярэдняй школы ён узгадаў цёплымі словамі гады сваёй вучобы.

– І няхай сабе сцены школы ў Шчорсах даўно пакінулі яе першыя выпускнікі, і няхай на іх скронях, як і ў мяне, блішчыць сівізна, на змену ім, колішнім гарэзам, прыйшлі спачатку іх дзеці, а потым – унукі і праўнукі. Гэта бясконцы кругазварот, дзякуючы якому школа жыве, дыхае, хвалюецца, адзначае святы і перамогі і заўсёды застаецца маладой.

Іван Іванавіч пажадаў сённяшнім шчорсаўскім школьнікам памятаць не толькі аб сваіх правах, але не забываць і пра свае абавязкі: добрасумленна вучыцца і паважаць працу тых, хто нясе ім святло ведаў – сваіх настаўнікаў.

Шчорсаўскай школе заўсёды шанцавала з кіраўнікамі. У розны час яе ўзначальвалі былыя франтавікі Іван Сцяпанавіч Бязручанка, Сяргей Паўлавіч Лаўрыновіч, Анатоль Васільевіч Каралёў, не менш таленавітыя іх малодшыя калегі – Уладзімір Лявонцьевіч Шарыкала, Мікалай Лазаравіч Аляшкевіч, Іван Серафімавіч Паддубіцкі, Мікалай Міхайлавіч Кулеш, Анжэліка Іванаўна Рамановіч. У гэтым навучальным годзе на школьным “капітанскім мосціку” – Ігар Мікалаевіч Палазок, які ў прывітальным слове паабяцаў зберагчы і прымножыць лепшыя здабыткі і школьныя традыцыі.

Шмат шчырых і сардэчных слоў прагучала ў гэты дзень у адрас сваіх настаўнікаў, калег-ветэранаў педагагічнай працы ад былой настаўніцы гісторыі Шчорсаўскай сярэдняй школы Марыі Пятроўны Паддубіцкай, былых выпускніц Людмілы Аляксееўны Казляк, Галіны Лявонцьеўны Міранцовай.

У любові да сваёй школы прызнаваліся сённяшнія вучні, якія чыталі вершы, радавалі прысутных музыкальнымі кампазіцыямі і вясёлымі інсцэніроўкамію.

А завяршылася свята яшчэ адной важнай падзеяй: чатырнаццаць піянераў урачыста развіталіся з піянерскім гальштукам, а ў мінулым  камсамольскі важак Іван Іванавіч Катляр уручыў юнакам і дзяўчатам членскія білеты ГА “БРСМ”.

Мікалай Аркадзьевіч АНТОНЧЫК,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры,

Навагрудскі раён,

Шчорсаўская школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *