Музыка ў нас, музыка вакол нас

Из нашей почты Новости Онлайн-проект "Классный час с "Зорькой"

Ёсць шмат рэчаў, без якіх чалавек не ўяўляе свайго жыцця. Гукі музыкі іграюць важную ролю ў жыцці кожнага чалавека і суправаджаюць нас на працягу ўсяго нашага жыцця.

Калі мы яшчэ зусім маленькія, мама спявае нам далікатныя калыскавыя песенькі, пад якія мы салодка засынаем. Музыка з мультфільмаў зачароўвае не толькі дзіцячыя сэрцы, але і душы дарослых! Мелодыя песенькі: «Ад усмешкі стане ўсім святлей…» жыве ў нашых душах разам з героямі мультфільма ў любым узросце. А дзіцячыя музычныя прылады: дудачка, барабан, музычнае піяніна, на іх можна не толькі іграць, але і слухаць розныя мелодыі! У дзіцячым садзе мы спяваем дзіцячыя песні і развучваем розныя музычныя кампазіцыі, вучымся танцаваць і проста слухаць музыку! Любое свята, няхай гэта будзе вялікая падзея ці маленькая, не абыходзіцца без музыкі і песень. Усе святы, якія праводзяць у нас у школе — часцей за ўсё пабудаваны на музычных нумарах.

Мы любім слухаць музыку ў любы час. Раніцай, калі ідзём у школу ці едзем на працу, дома, калі рыхтуем вячэру ці займаемся ўборкай, слухаем свае любімыя песні па радыё ці глядзім кліпы па МУЗ TV. Калі з сям’ёй куды-небудзь едзем, мы ўключаем музыку ў машыне. І нават на вуліцу мы заўсёды бяром з сабой тэлефон са слухаўкамі. Пад музыку мы журымся і цешымся!

Але музыку стварае не толькі чалавек, але і прырода! Гук дажджу, шум дрэў, шолах травы і восеньскай апалай лістоты, спеў птушак і гудзенне пчол, журчанне вады, грукат машын,  галасы людзей і жывёл – усё гэта з’яўляецца сталым акампанементам нашага будзённага жыцця, усё гэта тварэнне матухны прыроды! Музыка восеньскага лесу ціхая і сумная, музыка вясновага лесу напоўнена радаснымі нотамі, упрыгожанымі звонкімі спевамі птушак. Музыка суправаджае чалавека з даўніх пор, без яе не думаецца сучаснае жыццё чалавека. Яна даносіцца з тэлевізараў, магнітафонаў і радыё, з класаў музычных школ, з канцэртных залаў, кансерваторыі, з праязджаючых аўтамабіляў і вокнаў жылых хат.

Лета працягваецца і мае аднакласнікі адпачываюць хто дзе. Сустрэцца разам, каб выканаць чарговае заданне, справа даволі складаная. Вось я, Максім Лойка, вырашыў усю адказнасць узяць на сябе, як у знакамітым мушкіцёрскім дэвізе «Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго!». Дапамагала мне ў гэтым мая сям’я. Разам з сястрой Насцяй і мамай Ірынай у сетцы філворда шукалі назвы музычных прылад, а з пакінутых літар склалі слова-пароль «жалейка» – назва старадаўняй беларускай дудачкі.

 Назвы музычных прылад шукаць было не проста, таму што большасць з іх мы чулі ўпершыню. Але тым і цікавей было заданне! Абавязкова прысвецім адзін з класных гадзін новага навучальнага года тэме «Музыка ёсць ва ўсім», прачытаем матэрыял на тваіх старонках, «Зорька», а каб яшчэ больш пашырыць свой кругагляд пра музычныя прылады, паклічам на дапамогу сетку Інтэрнэт.

Некаторыя з нас ужо атрымліваюць асновы музычнай граматы. Трое з нас наведваюць філіял Квасоўскай дзіцячай школы мастацтваў: я вучуся іграць на баяне, Надзя Яркоўская – на домры, Васіліна Леўчынкава – на фартэпіяна. Часам мы іграем сумныя мелодыі, а часам вясёлыя. Наш выкладчык у музычнай школе растлумачыў нам, што праз музыку можна перадаць настрой чалавека, нават не сказаўшы ні слова пры гэтым. Выступаць на вялікіх канцэртах у школе нам яшчэ не давяраюць, але перад роднымі ў хаце мы, вядома ж, выступаем. А я люблю іграць на баяне, калі да нас прыходзяць госці. Яны часта збіраюцца вакол мяне і просяць што-небудзь выканаць, цешачыся таму, што мелодыі так незвычайна гучаць з маёй музычнай прылады.

Лічу, што музыка вельмі патрэбна ў нашым жыцці. Яна дорыць цяпло, паднімае настрой, натхняе і матывуе, прымушае задумацца і ўспомніць падзеі і людзей. Без музыкі ў жыцці вельмі ціха і самотна. Музыка дапамагае спраўляцца з паўсядзённымі справамі, а ў святочныя дні стварае прыпадняты настрой. Спакойная і мерная музыка ўмее супакойваць і суцяшаць, як лепшая сяброўка ці сябар, дапамагае разабрацца ў сваіх адчуваннях і думках. Нездарма ж кажуць, што музыка — гэта агульная мова, якую разумеюць на любым кантыненце, у кожным кутку зямлі. Сустрэчы з музыкай робяць нас лепшымі, мы вучымся ў музыкі яе мудрасці, дабрыні, прыгажосці.

Максім ЛОЙКА,

вучань 5-га класа і

Ганна Сяргееўна ГВАЗДОЎСКАЯ,

Гродзенскі раён, Свіслацкая школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *