Літаратурная вечарына

Из нашей почты Новости

У 6-м класе «А» гімназіі № 3 г. Магілёва адбылася класная гадзіна ў форме літаратурнай вечарыны «Перад табою, мама, я нізка галаву схіляю». Дадзенае мерапрымства прайшло ў рамках Тыдня бацькоўскай любові.

На класную гадзіну былі запрошаны бацькі і бабулі. Вельмі ўзрадавала тое, што прыйшло 15 блізкіх дарослых, з якіх пяцёра былі таты. Вучні разам з класным кіраўніком Святланай Вячаславаўнай Цыхоўскай падрыхтавалі сцэнарый. Дзве пары вядучых вялі праграму на роднай беларускай мове ў нацыянальных касцюмах.

Дошка была ўпрыгожана па-святочнаму: назвай мерапрыемства,  дзіцячымі малюнкамі-падарункамі, выставай кніг пра маці, па дошцы раскіданы каляровыя лісточкі з перакладам слова «маці» на 18-ці мовах свету.

У беларускай літаратуры няма таго аўтара, які не звяртаўся б да матчынай тэмы, не праслаўляў бы светлы вобраз жанчыны-маці. Нашы вучні таксама напісалі і зачыталі свае прызнанні ў любові самаму дарагому чалавеку – матулі.

Сям’я Васільевых прэзентавала карціну, якую маці Лідзія і сын Дзяніс намалявалі разам. Маці Дзяніса на чыстай беларускай мове расказала гісторыю стварэння гэтай карціны. Не забыліся павіншаваць татаў з надыходзячым святам, якое маладое, але такое роднае!

А міні-канцэрт зусім здзівіў усіх прысутных! Вучні ігралі на ксілафоне, танцавалі групамі сучасныя танцы, танцы ў стылі хіп-хоп, брэйк данс вельмі ўзрушылі эмоцыі, юныя хакеісты ў спартыўнай прафесійнай форме паказалі цяжкія элементы валодання клюшкай і шайбай, другія хлопцы – элементы вольнай барацьбы. А сястрычка Соф’я, гімназістка другога класа, ад сям’і Кашпураў пад апладысменты спела мілагучную песню пра родную Беларусь на беларускай мове.

Вучні-шасцікласнікі вельмі хваляваліся, але ўсе віншавальныя нумары, падабраныя да іх касцюмы, музычнае афармленне былі імі падрыхтаваны самастойна! У іх ўсё атрымалася!

Бацькоўскі камітэт падрыхтаваў да свята сюрпрыз – відэафільм пра усіх матуль класа (а іх у нас 30!), у якім раскрылі захапленні матуль і прадэманстравалі  фотаздымкі з дзецьмі. Атрымалася цёпла і прыгожа!

 Напрыканцы мерапрыемства вядучая-гаспадыня Лізавета Палазкова, чытаючы верш П. Броўкі «Калі ласка», хлебам-соллю запрасіла за святочны стол, на якім красаваліся кулінарныя вырабы, сумесна зробленыя рукамі матуль, бабуль, татаў і вучняў. Чаго тут толькі не было: і пірагі з яблыкамі або морквай, і трубачкі са згушчаным малаком, і тварожныя шарыкі, і блінцы з кабачкоў, і сушаныя яблыкі, і натуральныя напоі з яблыкаў, ігруш, сліў…

Пра матулю можна казаць бясконца. Дарыце ім усмешку, ласку, кветкі, падарункі, пісьмы, званкі, sms-кі, бо ваша радасць – гэта памножаная на 100 разоў іх радасць!

Святлана Вячаславаўна ЦЫХОЎСКАЯ,

класны кіраўнік 6-га класа «А»,

г. Магілёў, гімназія № 3.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *