У сядзібе Зюзі — казка круглы год

Клуб "Край мой, Белая Русь"

танана

Пасля наведвання знакамітай рэзідэнцыі беларускага Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы я быў упэўнены, што нічога новага і цікавага пра міфалагічных персанажаў больш не даведаюся. Як жа я памыляўся!

Нядаўна мне і майму сябру Яўгену Пушкіну пашанцавала трапіць у цудоўную мясціну, у чароўны лясны куточак з векавымі соснамі, гаючым паветрам, чысцейшым возерам каля вёскі Азяркі, што красуецца недалёка ад старажытнага горада Паставы. Менавіта тут уладкаваў сядзібу персанаж беларускай міфалогіі гаспадар зімы і холаду Зюзя. Напэўна многія чулі ад бабуль ці дзядуляў папярэджванне накшталт таго, што “апранайся цяплей, бо змерзнеш, як Зюзя!”. Гэта якраз пра ўладара сцюжы. Нашы далёкія продкі ўяўлялі яго ў выглядзе дзеда з белымі, як снег, валасамі і такой жа даўжэзнай, нібы бясконцыя сумёты, барадой, які ў расхрыстаным кажушку ды босы ходзіць па гурбах. Па павер’ях, Зюзя ўзнімае завіруху, выклікае сцюжу… Калі бываюць вялікія, моцныя маразы, лічыцца, што Зюзя б’е сваёй доўбняй па дрэвах і бярвеннях хат і тыя нібы таму трашчаць. Зюзя амаль увесь час праводзіць у лесе. Але ён, нягледзячы на даволі суровы выгляд, праяўляе дабрыню, нярэдка ідзе ў вёску, каб папярэдзіць людзей пра жорсткую зіму ці дапамагчы камусьці. А падчас навагодняга свята, каб задобрыць Зюзю, беларусы пакідалітанана для яго пачастунак – куццю. Нездарма ж нават прымаўка існуе: “Зюзя на дварэ – куцця на стале”.

Як і на Парнасе ў Грэцыі Зеўс не сумаваў адзін, так і ў сядзібе Паазёрскага персанажа не бывае маркотна. Утульна размясціліся і вельмі добра сябе адчуваюць, маюць свае легенды і ролі шматлікія бажкі і бажаняты, у першую чаргу звязаныя з земляробчым календаром. Гэта Апівень і Бялун, Вадзянік, Валасень і Вужалкі, Дзед Гаёвы, Каламуцень і Лазнік, Мара і Паветнік, Стрыга і Цёця. Вобразы, якія выкарыстоўвалі ў сваёй творчасці Янка Купала, Максім Багдановіч, дапамагаюць экскурсаводам расказваць пра забытыя традыцыі, вераванні продкаў, пра цудоўныя пераўвасабленні, здзяйсненне мараў і жаданняў, пра гульні і забавы ў старажытнасці. Прапануюцца конкурсы, у якіх могуць паўдзельнічаць наведвальнікі казачнага куточка.

Трэба памятаць, што неасцярожных ды непрадбачлівых экскурсантаў тананападсцерагае Баба Напасця, а залішне гарэзлівыя, асабліва непаслухмяныя дзеці могуць стаць лёгкай здабычай Хапуна. Міфічныя асобы сустрэнуць вас у Пастаўскім Паазер’і ў любую пару года: яны будуць вас суправаджаць, калі задумаеце ляцець на шпаркай, хвацкай тройцы падчас Масленіцы – вясёлага старажытнага славянскага свята; дапамогуць завіць бярозку на Русалле; засцерагуць ад бяды пры ачышчэнні агнём у Купальскую ноч; паспрыяюць здабыць прыз на Перуновых гульнях.

А якое раздолле тут дзецям! Можна наведаць сапраўдныя шэдэўры малой архітэктуры – не толькі зазірнуць, але і зайсці ў драўляныя церамкі і хаткі, пагушкацца на імклівых арэлях, уволю пашпуляць шышкамі, пастраляць апаўшымі з дрэў галінкамі з неверагоднай ці то гарматы, ці то арбалета, проста пагуляць у хованкі, пакатацца на чоўне. Экстрэмаламтанана прапануюць выпрабаваць сябе на хуткасным гідрацыкле. Асабіста я мару прыехаць сюды яшчэ і зімой, каб адчуць подых “сапраўднага Зюзі”, пакатацца на санях і прамчацца па заснежаным возеры на квадрацыкле. Таму я буду старанна вучыцца, добра сябе паводзіць, каб бацькі дазволілі здзейсніць задуманае.

Восенню, непасрэдна ў кастрычніку і лістападзе, на першых ролях выступае ў чароўнай сядзібе пралля Макоша – апякунка ткацтва і прадзення. Амаль што ўсе сельскагаспадарчыя работы ўжо завершаны або хутка закончацца. Галоўнае для яе, што лён вымачаны жнівеньскімі і вераснёўскімі росамі, добра высушаны, прыбраны і спарадкаваны. Ёсць праца на доўгія асеннія і зімнія вечары. Макоша – багіня. Таму яна пляце ніці лёсу, уплятаючы іх у палатно жыцця кожнага. А гэтае палатно чалавек (і дарослы, і дзіця) вырабляе самастойна і штодзень. Персанажы сядзібы Зюзі Паазёрскага хоць і цікавыя істоты, але, на жаль, толькі міфалагічныя.

Віталь ТАНАНА.

г. Мінск, гімназія № 6, 6-ы клас “Б“.

Фота Усевалада ТАНАНЫ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *