Вучні 6-га класа «А» школы № 7 г. Навагрудка адправіліся ў падарожжа ў горад Гродна, каб наведаць музей знакамітага паэта Максіма Багдановіча.
З аповеду экскурсавода школьнікі дазналіся пра гродзенскі перыяд жыцця сям’і паэта, убачылі сямейныя фотаздымкі Максіма Багдановіча, асабістыя рэчы класіка беларускай літаратуры.
Новымі для іх аказаліся звесткі, што Максім Багдановіч быў вельмі настойлівы: ставячы перад сабой мэту, ён заўсёды імкнуўся яе здзейсніць. У 12 год Максім вырашыў змясціць у адзін радок малітву «Ойча наш». Больш за тыдзень спрабаваў гэта зрабіць, мяняючы пёры, памяншаючы памеры літар – і ў выніку ўсё атрымалася!
Зацікавіла вучняў і павер’е пра змешчанае ў экспазіцыі напольнае люстэрка, якое здзяйсняе жаданні. Уразілі рабят многія прадметы інтэр’еру дома сям’і Багдановічаў, бо ў сучасны час такімі прадметамі ўжо не карыстаюцца і вучні бачылі іх упершыню. А пад канец экскурсіі школьнікам прапанавалі паўдзельнічаць у музейнай гульні на ўважлівасць: па фота прадмета адгадаць, у чыім пакоі размешчаны гэты прадмет і якое яго прызначэнне.
Экскурсія хлопчыкам і дзяўчынкам вельмі спадабалася і была карыснай. Акрамя таго, што вучні атрымалі новую інфармацыю пра жыццё і творчасць зоркі беларускай паэзіі, наведванне музея спрыяла выхаванню пачуццяў любові, павагі і гонару ў адносінах да знакамітых дзеячаў беларускай літаратуры і культуры.
Валянціна Віктараўна МАНЮК,
класны кіраўнік 6-га класа «А»,
г. Навагрудак, школа № 7.