Вучаніцы 11-га класа «А» школы № 7 г. Навагрудка ўжо доўгі час з’яўляюцца членамі савета школьнага музея «Будзем беларусамі». На працягу навучання ў школе яны актыўна папулярызуюць і ствараюць пазітыўны імідж музея, праводзяць экскурсіі, цікавыя квэсты і гульні для школьнікаў.
Адным словам, ніколі не стаяць на месцы. Менавіта з гэтай нагоды дзяўчаты Марына Зубрык, Анастасія Новік, Карына Кардаш, Вікторыя Джафарава вырашылі паўдзельнічаць у абласным конкурсе «Лепшы музей установы адукацыі».
Для ўдзелу ў конкурсе былі прапанаваны намінацыі «Лепшая рэклама музея», «Лепшая музейная экспазіцыя», «Брэндзіраваная прадукцыя». Вучаніцы вырашылі, што для іх найбольш цікавай будзе намінацыя «Брэндзіраваная прадукцыя», бо ў ёй у поўнай ступені можна будзе праявіць сваю фантазію і творчасць, стварыць адметны запамінальны, унікальны вобраз музея.
Было вырашана зрабіць настольны каляндар – прыгожую рэч, якую прыемна падарыць гасцям музея і на конкурс не сорамна прадставіць. Праца пачалася з афармлення цікавых фотакампазіцый з музейных прадметаў. Да кожнай кампазіцыі былі падабраныя цудоўныя словы паэта Пімена Панчанкі пра ўнікальныя беларускія назвы месяцаў. Атрымалася вельмі прыгожа.
Пры падвядзенні вынікаў раённага этапа конкурсу журы вызначыла пераможцаў. Каляндар дзяўчат атрымаў 1-е месца за арыгінальнасць і якасць і быў накіраваны ў Гродзенскі абласны цэнтр турызму і краязнаўства для ўдзелу ў абласным конкурсе. Спадзяёмся, што праца вучаніц будзе ацэнена станоўча і на абласным этапе.
Валянціна Віктараўна МАНЮК,
кіраўнік музея,
г. Навагрудак, школа № 7.