Ці ведаеце вы, што такое выцінанка – выбіванка?

Мастерская волшебников

Мабыць, кожнаму з нас пад Новы год ці Пасху, даводзілася выразаць з паперы сняжынкі, ажурныя ўзоры і тэматычныя фігуркі, каб упрыгожыць імі вокны да свята. Так, гэта выцінанка. Выцінанка – ад слова «выцінаць», што азначае «старанна выводзіць мелодыю ці ўзор», «займацца нечым карпатлівым». Выцінанка з’явілася ў Беларусі ў XVI стагоддзі, найбольшага росквіту дасягнула ў пачатку XIX ст.

Яшчэ ў 1930–1950 гадах мясцовыя жыхары пераносілі на паперу свае мары аб прыгожым спакойным жыцці – на фіранках і сурвэтках расцвіталі кветкі, з’яўляліся букеты, галубы, вяночкі. Каб выбіць складаныя ўзоры, у пасляваенныя гады, ў народных майстроў у ход ішлі долата, расплюшчаныя цвікі, часам нават пустыя гільзы з-пад патронаў. Былі ўмельцы, якія выразалі ажурныя палотны нажом краўца ці шаўца Праўда, век у такіх мастацкіх вырабаў быў кароткі. Штогод да свят выразаліся новыя ўпрыгажэнні, а старыя ніхто не захоўваў.

У Махаўскай сельскай бібліятэцы ў рамках праекта «Бабуліна казка на падушках», прайшоў майстар-клас па выцінанцы-выбіванцы, які правяла педагог дадатковай адукацыі ДУДА «Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Магілёўскага раёна» Марына Ільінічна Ігнаценка. Педагог расказала вучням, што такое выцінанка, як яе захоўваюць і развіваюць народныя майстры, якое сучаснае прымяненне ў побыце яна мае. Таксама было адзначана, што ў 2021 годзе беларускаму мастацтву выцінанкі быў нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Марына Ільінічна паказала дзецям тэхніку выразання «Птушкі шчасця», якая лічыцца сімвалам дабрабыту, шчасця, удачы і шанцавання. Кожны вучань старанна выразаў дзірачкі-ўзоры, акуратна і карпатліва складаючы паперу. Самае цікавае быў удзел дзяцей у стварэнні выцінанкі — выбіванкі. З першага разу было складана зразумець, як правільна трымаць малаток і ставіць стамеску ці гільзу, цяжка разлічыць сілу ўдару. Але ўсе вельмі стараліся.

Калі збіраешся разнастаіць свой вольны час – зрабі ўласнымі рукамі ўнікальныя ўзоры.

Кацярынна Сяргееўна ДУБРОЎСКАЯ,

бібліятэкар,

Магілёўскі раён, Махаўская сельская бібліятка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *