Шматфункцыянальны комплекс сацыяльна-культурнага прызначэння і творчасці моладзі прымаў удзельнікаў дыялогавай пляцоўкі «Культурны код беларускага народа: ключавыя характарыстыкі і асаблівасці праяўлення ва ўмовах сучасных выклікаў».
У мерапрыемстве прынялі ўдзел грамадскія дзеячы, майстры культуры, а таксама жыхары горада Астраўца. Пісьменніца, аўтар шматлікіх кніг, удзельнік розных форумаў і першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах пазнаёміла гасцей са сваёй творчасцю, асаблівую ўвагу яна звярнула на творы для дзяцей. Пісьменніца зазначыла, што дзеці – гэта будучыня нашай краіны, таму іх выхаванню ўжо сёння адводзіцца важнае месца. Літаратура выхоўвае чалавека, дапамагае знайсці правільныя маральныя арыенціры. Слухачы высока ацанілі творчасць пісьменніцы. Кожны твор насычаны выхаваўчымі момантамі, якія далучаюць дзяцей да прыгажосці, дабрыні, адказнасці за лёс краіны.
Далей перад прысутнымі выступіў Уладзіслаў Цыдзік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Госць расказаў цікавыя факты са сваёй біяграфіі, засяродзіўся на ўспамінах. Прыгадаў, што яго творчы шлях пачаўся яшчэ ў дзяцінстве. Менавіта тады ўзніклі першыя спробы ўбачыць прыгажосць праз творчасць. Уладзіслаў з дзяцінства сябраваў з камерай. Дзякуючы ёй удавалася паказаць прыгажосць роднай Беларусі: маляўнічыя вясковыя краявіды, эстэтыку лясоў і вытанчанасць архітэктуры. У яго аб’ектыў траплялі простыя беларусы, якія працавалі ў сельскай гаспадарцы. Усе жадаючыя маглі пазнаёміцца з яго фотавыставай «Бачу Беларусь такой», якая ўключыла ў сябе больш за 50 прац, што акунулі гледачоў у беларускую культуру. Гэта не першая выстава фотамастака. Упершыню Уладзіслаў Цыдзік падзяліўся сваёй творчасцю ў 2016 годзе, менавіта тады быў выдадзены першы фотаальбом «Зачараваны Беларуссю». А праз два гады выйшаў новы зборнік «Бачу Беларусь такой», які атрымаў прэмію нацыянальнага конкурса «Мастацтва кнігі». Фотавыставы Уладзіслава праходзілі не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі – у Казахстане, Дагестане і іншых знакавых месцах. Дзякуючы гэтаму людзі іншых краін маглі пазнаёміцца з культурай, традыцыямі і прыгажосцю нашай краіны.
Яшчэ адным госцем мерапрыемства стаў Эдуард Ханок, легенда савецкай эстрады, заслужаны дзеяч культуры БССР, народны артыст Рэспублікі Беларусь. На працягу ўсёй сустрэчы, сеўшы за раяль, музыка падараваў безліч прыгожых кампазіцый. Эдуард Сямёнавіч выканаў папуры з розных кампазіцый, аднак не ўласнага сачынення, што выклікала асаблівы водгук у прысутных. У зале гучалі хіты сучаснасці «Звук поставим на всю…», «Медлячок, чтобы ты заплакала…», «Царица», «Краш», «Незабудка – твой любимый цветок» і многія іншыя. Хто з людзей старэйшага пакалення не ведае «Завіруха», «Малінаўка», «Здравствуй, чужая мілая» – гэтыя і многія іншыя кампазіцыі гучалі асабліва прыгожа і ўзнёсла. Пасля музыка расказаў пра свой шлях да музыкі.
У знак падзякі дырэктар Астравецкай раённай бібліятэкі Наталля Ачарэтава ўручыла гасцям букеты кветак, падзякавала за цёплую і прыемную сустрэчу, пажадала моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця і новых творчых здзяйсненняў!
Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,
бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.