Цудоўнае свята — Пасвяты

Мир твоих увлечений

вучні

Кожны раз з задавальненнем чытаем “Зорьку”. Вельмі рады, што яе любяць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі!

І мы, вучні трэцяга класа сельскай школы вёскі Ладзенікі Навагрудскага раёна, вашы падпісчыкі. Дзесяць гадоў вучні нашай школы паглыблена вывучаюць беларускі фальклор, народныя традыцыі і святы, гавораць па-беларуску. Таму і завецца яна ганарова і прыгожа – “этнашкола”. У мінулым годзе адбыўся юбілейны – дзясяты – набор у этнаклас. Прайшоў ён традыцыйна і ўрачыста. У пачатку свята гучалі радкі вершаў Максіма Багдановіча, непараўнальная “Зорка Венера” ў выкананні вакальнага гурта настаўнікаў “Ладзея”. Затым пачаліся ўрокі-выпрабаванні ў першакласнікаў. Іх правялі настаўніца Зінаіда Мікалаеўна Аблажэй і настаўніца музыкі Ларыса Анатольеўна Валенцюкевіч. Першакласнікі з годнасцю прайшлі іспыты і атрымалі свой першы школьны дакумент – вучнёўскі білет этнашколы. Працягнуў свята канцэрт-віншаванне. Са сцэны гучалі інструментальныя кампазіцыі, народныя песні, пацешкі, забаўлянкі ў суправаджэнні музычных інструментаў. Як было прыгожа і цікава! Свята аб’яднала ўсіх у адну вялікую сям’ю.

Галоўная традыцыя – падарункі для першакласнікаў, новых вучняў этнашколы. Іх рыхтавалі загадзя ўсе, хто прыйшоў на мерапрыемства. А гасцей было “цераз край, хоць ты лыжкаю мяшай”, як кажуць беларусы. Завецца гэта цудоўная падзея – Пасвяты.

Дарагая “Зорька”! Мы ведаем, што цябе чытаюць у кожнай школе Беларусі. І мы цябе вельмі любім. Калісьці такіх этнашкол, як наша, было нямала.

Хацелі б знайсці сабе сяброў, аднадумцаў, тых, каго цікавіць народная спадчына і ў каго ёсць жаданне яе вывучаць і пераносіць у новыя стагоддзі. Адгукніцеся, хто жадае сябраваць!

Вучні 3-га класа.

Навагрудскі раён, Ладзенікаўская школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *