Першага кастрычніка ў нашай краіне адзначаецца Дзень пажылых людзей. Гэты дзень акцэнтуе ўвагу на важнасці людзей залатога веку для нашага грамадства: яны з’яўляюцца захавальнікамі вопыту, мудрасці, традыцый, а таксама вучаць новае пакаленне жыць згодна з уласным сумленнем.
Многія лічаць, што чалавек, набыўшы статус пенсіянера, перастае нечым цікавіцца, жыве шэрым і будзённым жыццём. Аднак гэты стэрэатып з’яўляецца цалкам памылковым. Людзі сталага ўзросту жывуць актыўным жыццём: займаюцца спортам, чытаюць якасную літаратуру, цікавяцца творчасцю. Такія асобы з’яляюцца прыкладам жыццялюбства і невычэрпнай энергіі. Да гэтай кагорты апантаных рупліўцаў можна аднесці Іосіфа Мар’янавіча Пазлевіча з вёскі Радзюшы. Амаль усё яго прафесійнае жыццё прайшло ў Альхоўцы. Тут ён працаваў на картоннай фабрыцы вадзіцелем пагрузчыка. Родны край ва ўсе часы быў для мужчыны невычэрпнай крыніцай натхнення. І зараз на працоўным месцы мужчыну ўзгадваюць добрым словам.
Сёння Іосіф Мар’янавіч знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Яго жыццё стала больш размераным і павольным, з’явіўся час для творчасці, якую мужчына любіў з самага дзяцінства. У дзіцячыя гады маленькі Іосіф часта назіраў за бацькам, які ўвішна ляпіў з гліны разнастайныя статуэткі. Гэтая справа прываблівала хлопца. Ён мог гадзінамі сядзець і назіраць за размеранай і карпатлівай працай. Тады Іосіф Мар’янавіч упершыню захапіўся гэтым незвычайным і цікавым заняткам. Гэтае захапленне ён пранёс праз усё жыццё. І сёння ўзгадваюцца тыя прымітыўныя вырабы, якія хлопчык рабіў шмат гадоў таму. Крыху пазней Іосіф Мар’янавіч захапіўся разьбой па дрэве, а з-пад яго інструментаў пачалі выходзіць сапраўдныя шэдэўры – адмысловыя лесавічкі, магутныя мядзведзі і нават фігуры людзей.
Зусім нядаўна ў філіяле «Альхоўская сельская бібліятэка» адкрылася выстава «Цуды з дрэва», на якой Іосіф Пазлевіч упершыню прадставіў свае вырабы для шырокага кола гледачоў. Адмысловыя драўляныя вырабы здзіўляюць. За кожнай фігурай стаіць тытанічная праца. Майстар адзначае, што на выкананне некаторых скульптур патрабуецца каля тыдня, на выкананне іншых – месяц і больш. Натхненне не мае раскладу, таму часам майстар працуе над скульптурамі нават ноччу. Большасць прац выконвае з ліпы. Гэты матэрыял лічыць самым аптымальным і зручным для працы. Некаторы час таму Іосіф Мар’янавіч скончыў працу над скульптурай мядзведзя. Гэтая скульптура была выканана ў асаблівай тэхніцы – выразана бензапілой. Вялізная пыса, шырока расстаўленыя лапы – постаць гаспадара лясоў заварожвае і здзіўляе. Ёсць у апантанага рупліўца і свая мара – выразаць галаву зубра ў натуральную велічыню. Мужчына спадзяецца, што ў бліжэйшы час гэтую ідэю атрымаецца ажыццявіць.
Кажуць, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. З гэтым немагчыма не пагадзіцца. Акрамя лепкі з гліны і працы па дрэве, мужчына піша цудоўныя вершы, якія час ад часу з’яўляюцца на старонках раённай газеты. Майстар імкнецца несці прыгажосць і чысціню ў гэты свет, напаўняць яго незвычайным хараством. Сціплы, інтэлігентны і сарамлівы, ён валодае магутным творчым стрыжнем, асблівым бачаннем свету. Бацькавы таленты перадаліся і дзецям. Дачка цудоўна малюе. Свае працы яна выконвае ў розных тэхніках. Бацька не раз разглядае адмысловыя малюнкі дачкі і радуецца яе поспехам.
Гледзячы на Іосіфа Мар’янавіча, прыходзіць разуменне: залаты ўзрост адкрыў для яго безліч магчымасцяў, падараваў вольны час, дапамог знайсці сябе. А сам майстар яшчэ раз падкрэслівае простую ісціну аб тым, што пенсія – час уласнай самарэалізацыі, адкрыцця новых граняў натуры. Гэтым Іосіф Мар’янавіч Пазлевіч сёння і займаецца.
Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,
бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.