У віцебскай гімназіі № 2 прайшоў дзень самакіравання

Из нашей почты Новости

У першую нядзелю кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень настаўніка. Традыцыйна ў пятніцу ў большай частцы школ і гімназій сярод старшакласнікаў з нагоды гэтага свята адбываецца дзень самакіравання, калі вучні дзявятых, дзясятых і адзінаццатых класаў спрабуюць выкладаць свае любімыя прадметы для вучняў малодшых класаў.

Мне прапанавалі весці гісторыю сярод шостай паралелі, на што я згадзіўся. Раскажу пра свой вопыт.

Перш за ўсё, да ўрока трэба падрыхтавацца. А як? Я спампаваў электронную версію іх падручніка, пачытаў іх наступны параграф, і ўспомніў, як сам 5 гадоў таму выклікаўся на гэтую тэму. Як хутка час ідзе!.. Каб вучні лепш запомнілі матэрыял, трэба было зрабіць прэзентацыю. Зрабіў. Гляджу на гадзіннік: ужо поўнач! Спаў ў той дзень нядоўга. Мая педагагічная праца пачыналася на другой змене. Першая палова школьнага дня таксама была цікавай: хтосьці вёў урокі нудна, а з некаторымі наадварот размаўляеш, нібыта вы сябруеце ўжо шмат гадоў. Дрэнныя адзнакі, відавочна, ніхто не ставіў: мы адзін аднаго разумеем, а сваіх ніхто не крыўдзіць 🙂

Але першая палова дня скончылася. Трэба затрымацца на другую змену і чакаць свае ўрокі. Іх сапраўдная настаўніца сказала мне раздаць ім тэст па дамашнім параграфе, што мне і прыйшлося зрабіць. Але я ж не злыдзень нейкі! Крыху дапамог ім пры выкананні, каб палепшыць іх адзнакі. Ну хто ж я такі, каб ставіць ім чацвёркі?

Потым трэба было патлумачыць ім новую тэму. Гляджу на зробленую дома прэзентацыю: «натуральная гаспадарка», «Ганза», «цэх», «самакіраванне», «Магдэбургскае права»… Тлумачу гэта ўсё і думаю: мне гэтыя словы зразумелыя, а ці зразумелыя яны для іх? Ці добра тлумачу гэтыя тэрміны? Але пытанняў, здаецца, не было, што пераконвала мяне ў тым, што сваю справу раблю выдатна. Такім жа чынам прайшоў урок яшчэ ў аднаго класа.

Што самае лепшае ва ўсёй гэтай працы – чуць прыемныя водгукі ад рэальных настаўнікаў пра тое, як вяду ўрокі. Яны адзначылі маю актыўнасць, простую гаворку і сувязь з аўдыторыяй. Да нават ад саміх вучняў! Некаторыя больш актыўныя адзначылі, што я з імі нібыта на адной хвалі. Ніколі не было думак пайсці ў педагагічную ВНУ, але пасля ўсіх падзяк пачынае здавацца, што гэта нядрэнны варыянт…

Паралельна з гэтым я (калі ў мяне не было ўрокаў, відавочна!) хадзіў па гімназіі і здымаў на камеру тое, як выкладаюць іншыя старшакласнікі. Мы рабілі невялікі рэпартаж для сацыяльных сетак пра тое, як прайшоў дзень, таму мяне ў вольны час папрасілі заходзіць у выпадковыя кабінеты і пасля фразы «Не звяртайце ўвагу: я здымаю кіно!» наводзіць аб’ектыў на дошку, на вучняў і на юных настаўнікаў. Канешне, шмат хто саромеўся і прасіў іх не паказваць, але былі і адваротныя выпадкі, калі вучні самі лезлі ў камеру. Забаўныя яны, канешне!..

Што я хацеў сказаць? Ужо, магчыма, позна раіць, але паспрабуйце сябе ў ролі настаўніка, калі ў вашай школе будзе дзень самакіравання. Гэта каштоўны вопыт, які навучыць вас тлумачыць складаныя рэчы простай лексікай, які дапаможа вам зарабіць добрых адзнак за свой прадмет і які дапаможа падняцца ў вачах сярод настаўнікаў (не кажучы пра тое, што клас, у якога вы будзеце весці, будзе пасля гэтага вітацца з вамі на калідоры – добры шанц знайсці новых сяброў!) Мабыць, у вас знойдуцца настаўніцкія здольнасці, якія вы ніколі не заўважалі, як гэта адбылося са мной?..

Святаслаў КАБАНАЎ,

вучань 11-га класса «Б»,

г. Віцебск, гімназія № 2.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *