Мая зямля… Мая ціхая і прыгожая, няхай і маленькая, але заўсёды любімая вёска Валеўка. Напэўна, хтосьці назаве яе звычайнай сярод вялікай колькасці іншых вёсак Беларусі. А для мяне – гэта самы любімы і самы незвычайны край, край дзівосных казак і паданняў, са сваёй таямнічай гісторыяй, з маляўнічымі краявідамі, з легендарнай Свіцяззю, з цудоўнымі, падчас загадкавымі мясцінамі… А галоўны скарб моёй малой Радзімы – гэта яе людзі!
Суботнім днём мы з аднакласнікамі разам са сваёй настаўніцай адправіліся ў гістарычную вандроўку па малой радзіме і даведаліся аб людзях-аднавяскоўцах, якім патрэбна сказаць «Дзякуй» за 80 шчаслівых гадоў пад мірным небам. Для нас гасцінна расчыніў свае дзверы школьны народны гісторыка-краязнаўчы музей.
Захапляльная экскурсія па гістарычным аддзеле музея нікога не аставіла абыякавым. Усе мы з гонарам разглядалі фотаздымкі і слухалі аб аднавяскоўцах-героях Вялікай Айчыннай вайны, якія падаравалі нам – сваім нашчадкам мірнае неба і шчаслівае дзяцінства. Далей накіраваліся да алеі рабінавых дрэў, якая закладзена на тэрыторыі школы і прысвечана настаўнікам Валеўскай школы – удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Ніхто не забыты і нішто не забыта: у знак гонару і падзякі з аднакласнікамі з вялікім клопатам павязалі на кожнае дрэўца ружовыя стужачкі. Закончылася незвычайная вандроўка ускладаннем кветак і мінутай маўчання ля Братскай магілы воінам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны пры вызваленні вёскі Валеўка.
А для сябе я адзначыла, як радасна жыць у шчаслівай краіне дзяцінства! Вялікі дзякуй вам, аднавяскоўцы-героі, для якіх малая радзіма па-сапраўднаму стала лёсам! Дзякуй за мір, за шчасце, за жыццё!
Ксенія МАЦКЕВІЧ,
вучаніца 2-га класа,
Навагрудскі раён, Валеўская школа.