Вучні школы № 7 г. Навагрудка адправіліся ў цікавае падарожжа ў горад-герой Мінск. Праграма экскурсіі была вельмі насычаная.
Першым пунктам падарожжа быў інтэрактыўны музей «Квантум», створаны для захапляльнага вывучэння законаў навукі. У ім школьнікі змаглі эксперыментаваць з выбуховымі вопытамі, пабегаць па люстэркаваму лабірынту, пабыць у пакоі Тэслы, музычным і цёмным пакоях. Усе экспанаты ў музеі можна і трэба чапаць рукамі, круціць іх і гуляць з імі, што вельмі спадабалася дапытлівым падлеткам. Другім прыпынкам стаў Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь. Тут вучні ўбачылі ўнікальную калекцыю скарбаў з розных куткоў Беларусі, каштоўныя дакументы, слуцкія паясы, калекцыю музычных інструментаў і зброі, каштоўны посуд і іншыя прадметы. Асабліва спадабаўся хлопцам і дзяўчатам аповед пра станок Францыска Скарыны для вырабу паперы і друкавання кніг.
Апошнім пунктам экскурсійнай паездкі быў знакаміты Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы. З вялікім захапленнем праглядзелі камедыю па п’есе Уладзіміра Галубка «Пісаравы імяніны». Дахаты вярталіся ўсе задаволеныя і з жаданнем яшчэ не раз пабываць на экскурсіях у розных цікавых мясцінах Беларусі.
Валянціна Віктараўна МАНЮК,
класны кіраўнік 7-га класа «А»,
г. Навагрудак, школа № 7.