Гродзенскі Марэсьеў

Из нашей почты Проект "Голос поколений"

Усё далей і далей адыходзяць у гісторыю падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Усё менш сведкаў тых трагічных гадоў застаецца сярод нас. Нам, дзецям і падлеткам, складана ўявіць сабе палаючыя хаты, гул ваенных самалётаў, выбухі снарадаў, разбурэнне і голад. Мы так далёка. І так блізка. Бо у кожнай нашай сям’і вайна пакінула свой след. Кожны кавалачак нашай зямлі прапітаны крывёю савецкіх салдат. Забывацца пра гэтае нельга.

На Беларусі няма ніводнай сям’і, якую не закранула б вайна. І дзе б ні былі нашы родныя ў час вайны – ваявалі ў радах Чырвонай Арміі, змагаліся з фашыстамі ў партызанскіх атрадах, штодзённа працавалі пад фашысцкім прыгнётам, перанеслі жах канцэнтрацыйных лагераў або нямецкага рабства – усе яны з’яўляюцца героямі. Героямі, каторыя здабылі для нас мірнае жыццё. 

Наш прадзед, Жыткоў Аляксандр Андрэевіч, нарадзіўся 22 лютага 1926 года ў вёсцы Лозы Гродзенскага раёна, што непадалёк ад Скідзеля. Яму не споўнілася яшчэ васямнаццаць гадоў, калі ён стаў салдатам. Аляксандру вельмі хацелася прыняць удзел у вызваленні родных мясцін. Таму ён у дакументах прыпісаў сабе год, каб быць прызваным у армію. На фронт малады салдат накіраваўся летам 1944 года.

Аляксандру Жыткову давялося ўдзельнічаць у вызваленні Польшчы. Баявое хрышчэнне ён атрымаў пад Беластокам. Полк, у якім ён нёс службу, атрымаў загад заняць трэцюю траншэю праціўніка. Дзякуючы гераізму памножанаму на нянавісць да ворага, савецкія салдаты з гонарам выканалі задачу і больш чым на дваццаць кіламетраў адкінулі праціўніка на захад. Салдат Жыткоў прымаў удзел у вызваленні польскіх гарадоў Катавіцы, Каліш і іншых.На рахунку Аляксандра не было асаблівых баявых подзвігаў. Ён не хадзіў у разведку, не пускаў пад адхон варожыя эшэлоны. Але, атрымаўшы баявы загад, адказна выконваў яго.

У складзе 1210-гастралковага палка 362-й дывізіі 1-га Беларускага фронту аўтаматчык Аляксандр Жыткоў быў перакінуты на тэрыторыю Германіі. Шмат подзвігаў здзейснілі салдаты палка пры фарсіраванні ракі Одэр.

Асабліва гарачы бой для Жыткова выдаўся ў час штурму фашысцкага логава ў прыгарадзе Берліна 25 красавіка 1945 года. Ішлі жорсткія вулічныя баі. Нямецкая артылерыя біла прамой наводкай. Але савецкія воіны ўпэўнена адбівалі будынак за будынкам, вуліцу за вуліцай. І раптам побач з Аляксандрам разарваўся снарад. Выбуховая хваля адкінула байца на дарогу. Праз цела як быццам прайшоў электрычны ток. Салдат паспрабаваў падняцца, але адразу ж зноў упаў. Аляксандр Жыткоў зразумеў – пашкоджаны абедзьве нагі. Праз некалькі хвілін санітар зрабіў яму перавязку і даставіў у медсанбат. На жаль, праз некаторы час высветлілася – ногі нельга выратаваць, патрабуецца ампутацыя. Так дзевятнаццацігадоваму Аляксандру спачатку ампуціравалі частку правай нагі, а потым і левую.

Тры з паловай гады Аляксандр Жыткоў правёў у шпіталях. У маскоўскім шпіталі ён перанёс пяць аперацый. Гэта быў вельмі цяжкі перыяд. Па некалькі месяцаў Аляксандру прыходзілася ляжаць на спіне. Усведамленне таго, што ў дзевятнаццаць гадоў ён застаўся без ног, перанесеныя аперацыі, боль сталі прычынай цяжкай дэпрэсіі. Аляксандр старчваў сілу духа. Ён стаў маўклівым, амаль што не пісаў лісты дадому. На дапамогу маладому салдату прыйшлі медыкі. За Жытковым замацавалі медыцынскую сястру Тамару.

Менавіта яна расказала Аляксандру гісторыю лётчыка Марэсьева. Гэты расказ стаў пачаткам вяртання нашага прадзеда да актыўнага жыцця.

Паступова Аляксандр пачаў самастойна перадвігацца. Спачатку на спецыяльнай калясцы з дапамогай рук. А потым ён атрымаў свой першы пратэз. Аляксандр Андрэевіч успамінаў: “Гэта было ў снежні. Памятаю як сёння. Надзеў пратэз і, абапіраючыся на ложак, падняўся. У нагу здавалася ўрэзаліся тысячы цвікоў. Але ўсё ж я адчуваў сябе на цэлы метр вышэй. З’явілася надзея. Дастаў кнігу “Аповесць пра сапраўднага чалавека”, прачытаў. І вырашыў – буду змагацца!”.

Праз чатыры месяцы стала зажываць і левая нага. Жыткоў паступіў вучыцца ў вучэбны камбінат пры шпіталі на курсы абутнікоў-рамонтнікаў. Прыстасаваўся рабіць дратву, правільна забіваць шпількі ў падэшву. Кожны дзень прыносіў нешта новае. Салдат як быццам вяртаўся ў строй.

Хутка Аляксандр прымерыў і другі пратэз. Цяпер з палачкай ён пачаў хадзіць па калідорах шпіталя, па двары. Разам з іншымі хворымі выбіраўся ўжо і на вуліцы Масквы.

Аднойчы ў клубе шпіталя адбылася знакавая сустрэча – да параненых байцоў з візітам прыбыў Герой Савецкага Саюза Аляксей Марэсьеў. Размова з праслаўленым лётчыкам перавярнула жыццё Аляксандра Жыткова – ён стаў з аптымізмам глядзець у будучае, пачаў смялей хадзіць. Значнай для выздараўлення была і яшчэ адна сустрэча. Пасля паведамлення ад земляка аб цяжкім раненні Аляксандра, у Маскву з Беларусі прыехаў бацька маладога салдата. Некалькі дзён правялі яны разам, вандравалі па Маскве, размаўлялі. Сустрэча з бацькай дала Аляксандру новыя сілы. Ён з энтузіязмам працягваў вучобу на курсах абутнікоў, а скончыўшы іх паступіў на новыя –курсы машынапісу. Па вечарах Аляксандр Андрэевіч наведваў танцавальны гурток, і нават вывучыў некалькі танцаў!

У клубе шпіталя часта праводзіліся значныя мерапрыемствы. На адно з іх спецыяльна запрасілі Жыткова. Як аказалася – для ўручэння дзяржаўнай узнагароды. З трыбуны прагучаў Загад Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР: “Салдат Жыткоў Аляксандр Андрэевіч узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені”. Праз некалькі дзён ён быў узнагароджаны баявымі  медалямі “За вызваленне Варшавы” і “За ўзяцце Берліна”.

У 1948 годзе Аляксандр Андрэевіч Жыткоў вярнуўся ў Гродна. Першапачаткова ён уладкаваўся працаваць у дом інвалідаў. Дапамагаў вазіць хлеб, малако. Але такой працай Аляксандр быў не задаволены. І хутка перайшоў працаваць у арцель інвалідаў “Прагрэс”, дзе спатрэбіліся яго навыкі ў рамонце абутку. Праз некалькі месяцаў маладому майстру ўжо давяралі не толькі рамантаваць стары абутак, але і шыць новы. Страціўшы ногі, ён вырашыў, што зможа даць людзям прыгожы абутак.

Паступова майстэрства Аляксандра Жыткова стала вядома ва ўсім горадзе. Людзі ехалі рамантаваць і шыць абутак менавіта да яго, супрацоўніка гродзенскага вытворчага аб’яднання “Праца”. Плённая праца майстра адзначана высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі – ордэнам Леніна, ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Васямнаццаць артыкулаў у абласной і рэспубліканскіх газетах, дваццаць восем грамат і дыпломаў, аповесць Мікалая Жылінскага “Застаюся жыць!”,дакументальны фільм “Ад слова “Жыць” кінастудыі “Беларусьфільм”, зняты ў 1982 годзе і прадстаўлены на Міжнародным кінафестывалі кароткаметражных фільмаў у ФРГ, – гэта своеасаблівы летапіс баявога, працоўнага і жыццёвага шляху заслужанага працаўніка прамысловасці БССР, “гродзенскага Марэсьева”, нашага прадзеда Жыткова Аляксандра Андрэевіча.

Яго імя ўнесена ў кнігу “Памяць. Гродна” у раздзеле “Ішла вайна народнаяˮ. А ў кнізе “Гродна”, выдадзенай у 1988 годзе, размешчаны фотаздымак з подпісам “Не падлічыць, колькі людзей абуў ветэран вайны і працы Жыткоў Аляксандр Андрэевіч”.

Вярнуўшыся з вайны, Аляксандр Жыткоў стаў камсамольцам, пазней уступіў у рады КПСС. Усё жыццё ён быў настаўнікам моладзі, імкнуўся выхоўваць у маладых рабочых павагу да працы.

А пра сябе гаварыў так: “А як жа можна было інакш? Маё ж прозвішча ад слова “Жыць”.

Каб сустрэць выдатнага чалавека, не трэба далёка хадзіць. Трэба ўважліва паглядзець вакол сябе, прыгледзецца да людзей, якія жывуць побач. Так, вывучаючы гісторыю нашай сям’і, мы даведаліся пра незвычайны лёс нашага прадзеда – Жыткова Аляксандра Андрэевіча.

Для нашай сям’і ён стаў сапраўдным прыкладам. Ён заўсёды мог дапамагчы, падтрымаць і словам, і справай. Мы ганарымся сваім прадзедам і абавязкова будзем расказваць пра яго сваім дзецям, таму што пра такіх людзей забывацца нельга. Яны жывыя, пакуль мы памятаем пра іх.

Вячаслаў КАРЭЙВА,

вучань 9-га класа,

Карэйва Маргарыта КАРЭЙВА,

вучаніца 4-га класа,

 Наталля Уладзіміраўна КУЛІКОВА,

настаўнік гісторыі,

, Гродзенскі раён, Свіслацкая школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *