Метро – Хутка! Зручна! Надзейна!

Из нашей почты Новости

У мінулым годзе Мінскі метрапалітэн адзначыў саракагадовы юбілей. Члены піянерскай дружыны імені А. М. Каманіна школы № 140 г. Мінска наведалі выставачную экспазіцыю па гісторыі Мінскага метрапалітэна, якая знаходзіцца на станцыі метро “Магілёўская”.

З задавальненнем вучні слухалі экскурсавода, якая паведаміла, што дзякуючы Пятру Міронавічу Машэраву, першаму сакратару ЦК Кампартыі  Беларусі, пачалося будаўніцтва метро ў нашай сталіцы. У 1976 годзе распрацоўваўся і зацвярджаўся  першы ўчастак першай лініі метро (8,5 км, 8 станцый). Само адкрыццё метро адбылося 29 чэрвеня 1984 года  напярэдадні 40-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Падчас экскурсіі рабяты даведаліся, што першы цягнік Мінскага метро быў зроблены з металу, сабранага піянерамі горада-героя Мінска.

Знаходкі, знойдзеныя падчас узвядзення тунэляў, былі перададзены ў Музей гісторыі горада Мінска. Самых дапытлівых дзяцей цікавіла максімальная хуткасць электрацягнікоў, які пасажырапаток у дзень налічваецца ў метро. 

Усе экспанаты, сабраныя на выставачнай экспазіцыі, расказваюць пра гісторыю і работу Мінскага метрапалітэна ў наш час. Асобае месца займаюць шматлікія фотаздымкі з найбольш важнымі падзеямі з гісторыі сталічнай падземкі. Тут прадстаўлена ўніформа персаналу, апараты сувязі, калекцыя жэтонаў і праязных, сімвалічныя ключы ад станцый пры ўрачыстым адкрыцці.

Найбольш папулярнай сярод наведвальнікаў з’яўляецца сапраўдная кабіна машыніста. Дзеці адчулі вялікае задавальненне, пабыўшы ў ролі машыніста. Гэтая цікавая і адказная прафесія зацікавіла хлопчыкаў.

З захапленнем рабяты разменьвалі ў аўтамаце 10, 15, 20-капеечныя манеты на 5 капеек, якімі разлічваліся за праезд раней, калі не было жэтонаў.

Сёння метро выконвае вялікую ролю, без яго ўжо немагчыма ўявіць паўсядзённага жыцця мегаполіса. Мінчане з радасцю ўспрынялі адкрыццё  трох новых станцый на Зеленалужскай лініі метро.

Выставачная экспазіцыя па гісторыі Мінскага метрапалітэна была адкрыта 17 верасня 2015 года. Гэта важны экскурсійны аб’ект,  які дае магчымасць  акунуцца ў мінулае Мінскага метрапалітэна.

Марына Пятроўна ГРЫНЦЭВІЧ,

класны кіраўнік,

г. Мінск, школа № 140.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *