Добраму педагогу ўласцівы две якасці – добрыя веды і добрае сэрца. Менавіта такім настаўнікам з’яўляецца Алена Іосіфаўна Пазнанская, з якой мне пашчасціла працаваць побач, пераймаючы яе вопыт, захапляючыся душэўнай шчодрасцю і чалавечай мудрасцю.
Алена Іосіаўна – педагог ад Бога, які аддае вучням усе свае веды, які ўкладвае ў іх душу дабро. З вялікай удзячнасцю вучні ўспамінаюць урокі матэматыкі, з якіх не хацелася сыходзіць: спакойны голас настаўніка, прыгожую, чыстую беларускую мову, заўсёды ўсё нова, цікава, займальна.
Нарадзілася Алена Іосіфаўна ў вёске Лявонавічы Дзятлаўскага раёна. Вялікую ролю ў паступленні яе ў педагагічны інстытут імя М. Горкага ў г. Мінску адыграла настаўнік матэматыкі Ганна Станіславаўна Урбан, якая працавала ў Лявонавіцкай школе, дзе вучылася наша гераіня.
Хачу адзначыць, што Алена Іосіфаўна Пазнанская свой працоўны педагагічны стаж пачала ў нашай Гарадзечненскай школе Навагрудскага раёна і мае толькі адзіны запіс у працоўнай кніжцы, які датычыцца 1989 годам «Прынята настаўнікам матэматыкі». Адно месца працы ад пачатку сваёй педагагічнай дзейнасці і да той даты, якая паказвае дасягненне пенсіённага ўзросту (у снежні 2024 года ёй споўнілася 58 гадоў). Думаю, што такім момантам сваёй прафесійнай дзейнасці можа пахваліцца не кожны.
У Алены Іосіфаўны з лёгкасцю атрымліваецца літаральна ўсё, да чаго б яна ні дакраналася, няхай гэта будуць ўрокі альбо пазакласная дзейнасць. Усё паспявае рабіць, у кожную справу ўносіць нейкую сваю адметнасць, усяляючы ў калегаў упэўненасць у поспех. Алена Іосіфаўна – педагог вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Пятнаццаць гадоў з’яўлялася кіраўніком раённага медадычнага аб’яднання настаўнікаў матэматыкі. Яна заўсёды ў курсе ўсіх педагагічных навінак, шчодра дзеліцца з калегамі вопытам, асабліва з маладымі, умее прыцягнуць і ўтрымаць увагу калег, таму што размаўляе з імі як з вопытнымі, на роўных, заўсёды сумленна і шчыра. Побач з ёй зараджаешся энергіяй, атрымліваеш каласальны зарад бадзёрасці. Гледзячы на яе, хочацца ісці наперад.
Вучні Алены Іосіфаўны пастаянна ўваходзяць у лік пераможцаў і прызёраў прадметных алімпіяд, навукова-даследчых канферэнцый, творчых конкурсаў. Яна падрыхтавала да самастойнага дарослага жыцця не адно пакаленне дзяцей. Яе выпускнікі сёння паспяхова працуюць у самых розных сферах дзейнасці.
Алена Іосіфаўна не толькі педагог, але і выдатная жанчына, выпраменьваючая энергію і дабрыню, любячая і клапатлівая мама і бабуля, гасцінная гаспадыня.
Наталля Іосіфаўна КАСПЕР,
старшыня ППА,
Навагрудскі раён, Гарадзечненская школа.