Дзяўчынкі, хлопчыкі з навагрудскай школы № 7 наведалі прыватную галерэю Кастуся Качана

Из нашей почты

Экскурсія

Прайшло не так шмат часу з пачатку новага навучальнага года, а вучні 7-га класа «А» навагрудскай школы № 7 ужо паспелі не толькі пасядзець за школьнымі партамі, але і дакрануцца да прыгожага. І за гэтым прыгожым не прыйшлося ехаць у далёкія краіны.

Мастак

Выхаванцы наведалі прыватную карцінную галерэю Кастуся Качана. Вучням вельмі пашанцавала, што яны могуць сустрэцца са сваім знакамітым сучаснікам, земляком у яго галерэі, якая з’яўляецца асяродкам культурнага жыцця нашага маленькага горада з багатай мінуўшчынай.

Творчасць

Творы Кастуся Качана высока ацэнены крытыкамі і зберагаюцца не толькі ў музеях нашай рэспублікі. Яны знаходзяцца ў прыватных калекцыях па ўсім свеце. Школьнікі з цікавасцю разглядалі адлюстраваную на палотнах мастака прыгажосць краявідаў сваёй малой радзімы — Навагрудчыны. Многім з іх было прыемна пазнаваць на палотнах пейзажы навакольных вёсачак , у якіх да гэтага часу жывуць іх сваякі і родныя. Каларыт жыцця вясковага чалавека, сціплая прыгажосць беларускай прыроды кранала да глыбіні душы.

Шкляны посуд

Пасля цікавага аповеду пра гісторыю стварэння карцін і знаёмства з палотнамі мастака гаспадыня галерэі Жанна Леановіч захапляльна і натхнёна расказала пра калекцыю рэдкага шклянога посуду шклозавода «Нёман», мэблю і прадметы побыту мінулых часоў, што знаходзяцца на адным з паверхаў галерэі.

Напрыканцы школьнікаў чакала музычная хвілінка, дзе ім прапанавалася сыграць на піяніна і атрымаць на памяць паштоўку з аўтографам мастака Кастуся Качана.

Валянціна МАНЮК.

г. Навагрудак, школа № 7.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *